Сузаснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волож адмовіўся ад грамадзянства РФ
3- 27.02.2026, 19:43
- 2,538
У 2023 годзе ён асудзіў вайну РФ ва Украіне.
Сузаснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волож адмовіўся ад расійскага грамадзянства, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцу.
На гэтым тыдні Волож атрымаў пацверджанне таго, што ён больш не з’яўляецца грамадзянінам Расіі, расказаў суразмоўца агенцтва. Паводле яго слоў, прадпрымальнік нацэлены засяродзіцца на развіцці сваёй нідэрландскай неавоблачнай кампаніі Nebius Group NV. У мільярдэра (стан $3,3 млрд паводле дадзеных Bloomberg Billionaires Index) застаецца ізраільскі пашпарт, гаворыцца ў артыкуле.
Волож пасля пачатку Расіяй паўнамаштабнай вайны ва Украіне трапіў пад санкцыі ЕС. Пасля гэтага ён пакінуў расійскую кампанію. У жніўні 2023 года Волож асудзіў вайну РФ ва Украіне.
Улетку мінулага года Yandex NV прадала расійскія актывы за $5,4 млрд. На наступны дзень Волож вярнуўся на пасаду генеральнага дырэктара нідэрландскай кампаніі, якая пасля была перайменаваная ў Nebius Group. Ён заявіў пра адсутнасць сувязяў з Расіяй, а свой ад’езд з краіны і здзелку з «Яндэксам» параўнаў з «выхадам з Егіпта».