Макрон хоча пашырыць «ядзерны парасон» Францыі над Еўропай
- 27.02.2026, 17:26
Берлін і Варшава ўсё ўважлівей прыслухоўваюцца да прапаноў Парыжа.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон распачаў гонку з часам; у яго засталося толькі 14 месяцаў на пасадзе, каб замацаваць за Францыяй ролю вядучай ядзернай дзяржавы, гатовай забяспечваць бяспеку ўсёй Еўропы. Вырашальны момант надыдзе ў панядзелак, калі ён прадставіць абноўленую ядзерную стратэгію краіны на атлантычным узбярэжжы, дзе дыслакуюцца французскія падводныя ракетоносцы, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
На фоне сумневаў у надзейнасці прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, еўрапейскія сталіцы — перадусім Берлін і Варшава — усё ўважлівей прыслухоўваюцца да прапаноў Парыжа. Германія, традыцыйна арыентаваная на ЗША, упершыню публічна дапусціла ўдзел сваіх войскаў у аперацыях з французскім і брытанскім ядзерным узбраеннем.
Аднак Макрону неабходна прадставіць канкрэтныя крокі — інакш яго ініцыятывы могуць быць лёгка перагледжаныя ў выпадку перамогі ультраправога «Нацыянальнага аб’яднання» пад кіраўніцтвам Марын Ле Пен або Жордана Бардэлы. Толькі найбольш радыкальныя меры — напрыклад, размяшчэнне французскіх ядзерных боепрыпасаў або знішчальнікаў Rafale ў іншых еўрапейскіх краінах — могуць стаць незваротнымі.
Францыя разглядае варыянты павелічэння ядзернага арсеналу і дапуску еўрапейскіх саюзнікаў да вучэнняў Poker, якія мадэлююць ядзерны ўдар. Некаторыя еўрапейскія парламентарЫ ўжо заклікалі размясціць французскія ядзерныя самалёты на тэрыторыі іншых краін ЕС.
Пры гэтым Парыж настойвае на чырвонай лініі: рашэнне аб ужыванні ядзернай зброі застаецца выключна за Францыяй.
Павелічэнне цікавасці да французскага «парасона» шмат у чым звязана з вяртаннем Трампа і зрухам пазіцый Германіі. Аднак унутры ЕС застаюцца асцярогі, што пунктавае пашырэнне абароны створыць «зоны рознага ўзроўню бяспекі», што можа адыграць на руку Пуціну.
Пагроза змены ўлады ў Францыі ў 2027 годзе ўжо ўплывае на разлікі еўрапейскіх партнёраў, многія з якіх сумняваюцца, ці здолее Макрон замацаваць новую ядзерную архітэктуру Еўропы да сыходу з Елісейскага палаца.