«Лукашэнка апынаецца паміж двух агнёў»
5- 27.02.2026, 16:27
- 2,748
Крэмль уцягвае яго ў вайну, Кіеў намякае на адплату.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі піша для выдання «Позірк» пра вынікі пасяджэння, якое адбылося 26 лютага ў расійскай сталіцы, так званага вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) «саюзнай дзяржавы» (СД).
Масква працягвае метадычна прывязваць да сябе Беларусь. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка апынаецца паміж двух агнёў: Крэмль уцягвае яго ў вайну супраць Украіны, а Кіеў празрыста намякае на магчымую адплату.
Шчупальцы імперыі ўсё мацней абвіваюць Беларусь
І беларускі кіраўнік, і Уладзімір Пуцін адзначылі, што ў красавіку спаўняецца 30 гадоў дамове аб утварэнні супольнасці двух дзяржаў. Прэзідэнт РФ з задавальненнем падкрэсліў, што за гэтыя гады «сфарміравана агульная сацыяльна-эканамічная, абаронная, міграцыйная, інфармацыйная, навукова-адукацыйная і культурна-гуманітарная прастора».
Варта дадаць: ва ўсіх гэтых сферах дамінуе Расія, паслядоўна падпарадкоўваючы сабе саюзніка. Пуцін, у прыватнасці, традыцыйна адзначыў на ВДС рост тавараабароту паміж краінамі: за 2025 год — амаль на 3%, да 52 млрд долараў.
На практыцы гэта азначае, што Беларусь яшчэ мацней стала залежаць ад расійскага рынку і лагістыкі праз тэрыторыю ўсходняй суседкі.
На пасяджэнні ішла гаворка пра выкананне Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні СД на 2024–2026 гады. Высветлілася, што за два з лішнім гады праграма гэтай трохгодкі выкананая толькі на 40%. Можна меркаваць, што Мінск традыцыйна тармозіць тыя пытанні, якія не абяцаюць яму выгады.
Тым не менш вырашана рыхтаваць аналагічную праграму на наступны трохгадовы перыяд — з 2027 па 2029 год. Сутнасць гэтага «паглыблення інтэграцыі» ў тым, што Масква ўсё мацней прывязвае саюзніка да сябе.
Таксама вырашана стварыць Камітэт па стандартызацыі і якасці СД — па аналогіі з Наднацыянальным падатковым камітэтам СД. Фактычна гэта азначае, што Беларусь перакладаюць на расійскія стандарты ў гэтых сферах, кантроль над імі з боку Масквы ўзмацняецца.
Масква рыхтуе сцэнар «беларускага Гляйвіца»?
Але асабліва рупліва імперыя падпарадкоўвае сабе васала ў знешнепалітычнай і ваеннай сферах.
Калі казаць пра знешнюю палітыку, паказальна, як Масква прыструніла Лукашэнку, які разгарнуў сепаратныя перамовы з амерыканцамі. У выніку той не адважыўся ляцець у Вашынгтон на першае пасяджэнне заснаванага Дональдам Трампам Савета міру.
Пры тым што беларускі аўтакрат, які пакутуе ад комплексу нелегітымнасці, вельмі рваўся ў гэтую структуру.
Яскрава гучалі на ВДС і мілітарысцкія ноткі. Вядома, агрэсіўныя намеры пры гэтым прыпісваліся «недружалюбным дзяржавам».
— Разам з беларускімі сябрамі мы і далей будзем рабіць усё неабходнае, каб ваенная бяспека Саюзнай дзяржавы была забяспечаная ўсімі наяўнымі ў нашых краін сіламі і сродкамі, — заявіў Пуцін. У гэтым кантэксце ён узгадаў дамову аб гарантыях бяспекі ў СД, якая ўступіла ў сілу ў 2025 годзе.
Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што пачалася практычная рэалізацыя гэтай дамовы — у прыватнасці, у снежні на баявое дзяжурства ў Беларусі заступіў ракетны комплекс «Арэшнік».
Што стаіць за гэтымі словамі? Сутнасць працэсу ў тым, што агрэсіўная імперыя нашпіхоўвае беларускую тэрыторыю сваімі ўзбраеннямі, каб пагражаць імі Украіне і Еўропе.
Лукашэнка ж або не ў стане гэтаму супрацьстаяць, або цешыць сябе думкай, што пры наяўнасці такога арсеналу ворагам будзе боязна пасягаць на яго рэжым.
Тым часам размяшчэнне «Арэшніка», а раней — расійскай тактычнай ядзернай зброі — гэта пагроза не толькі для Захаду, але і для перспектывы змен у самой Беларусі.
Лёгка змадэляваць сітуацыю, калі ў выпадку новага палітычнага крызісу ў саюзніка Крэмль увядзе сюды войскі нібыта для абароны сваіх узбраенняў ад пасяганняў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Такі інцыдэнт можа быць інсцэнаваны спецслужбамі самой Расіі — па аналогіі з правакацыяй у Гляйвіцы, учыненай гітлераўцамі ў 1939-м, каб «апраўдаць» захоп Польшчы.
Ці выпадкова, што Служба знешняй разведкі Расіі за чатыры гады да наступных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пачала трубіць, што варожыя цэнтры нібыта ўжо рыхтуюць да гэтай падзеі сцэнар каляровай рэвалюцыі? Ці не стаіць за гэтым ідэя расійскіх дзеячаў самім уладкаваць «беларускі Гляйвіц», каб канчаткова накласці лапу на суверэнітэт суседняй краіны?
Кіеў: у нас доўгія рукі
Пры гэтым Масква паціху ўцягвае рэжым Лукашэнкі ў садзейнічанне агрэсіі супраць Украіны. Нядаўна са слоў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага стала вядома, што расійская ваеншчына выкарыстоўвае рэтранслятары на поўдні Беларусі, каб наводзіць свае ўдарныя дроны на мэты ва Украіне.
Гэта ў спалучэнні з размяшчэннем у Беларусі «Арэшніка» прымусіла Кіеў узмацніць свой курс у дачыненні да Мінска.
Пры гэтым Зяленскі ў інтэрв’ю «Зеркалу» шматзначна адзначыў: «Я не буду казаць, якім спосабам, але нашы хлопцы займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі. У нас проста няма іншага выхаду, інакш будуць працягвацца атакі на нашу зямлю».
Ён не ўдакладніў, як былі знішчаныя гэтыя прылады: дронамі ці дыверсійным шляхам. Але пасыл зразумелы: у нас доўгія рукі.
Красамоўны і такі пасаж украінскага прэзідэнта: «Мы не на першым годзе вайны, і нам не трэба выкарыстоўваць нашу жывую сілу і нашых вайскоўцаў. Мы можам з тэрыторыі Кіева кіраваць многімі рэчамі. І таму я лічу, што яму (Лукашэнку) трэба ўсё ж такі “прыйсці да цямы”, як кажуць ва Украіне, працверазець, не ўцягвацца ў вайну».
Гэта празрысты намёк, што Украіна ва ўсіх сэнсах трымае беларускага дыктатара на прыцэле.
Яму, трэба думаць, усё неўтульней у адным акопе з Пуціным, але ён сам калісьці выбраў «брацкую інтэграцыю». Хацеў такім чынам умацаваць сваю ўладу і пажывіцца таннымі рэсурсамі вялікай суседкі, а ў выніку трапіў у імперскі капкан.
І, што сумна, завёў у пастку ўсю Беларусь.