Рэдактара баранавіцкай газеты Intex-Press прысудзілі да 14 гадоў калоніі
8- 27.02.2026, 15:14
- 4,376
Калаж: БАЖ
Яго намесніка — да 12 гадоў.
У Брэсцкім абласным судзе 26 лютага быў агучаны прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку, паведамляе БАЖ.
Судовы працэс над медыяменеджарамі пачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.
Абодвух абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356). Уладзіміру Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 3000 базавых велічынь (135 тысяч рублёў) у даход дзяржавы, Андрэю Пакаленку — 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 1000 базавых велічынь (45 тысяч рублёў). Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне на суму каля 200 тысяч рублёў.
Сутнасць абвінавачання невядомая.
Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44‑гадовы Андрэй Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля таго, як выданне было ліквідавана, яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).
У снежні 2024 года супрацоўнікаў новага гарадскога партала затрымалі. У іх жыллях, а таксама ў рэдакцыі сілавікі правялі вобшукі, забралі тэхніку. Некалькіх чалавек адпусцілі, а супраць шасці затрыманых, якіх змясцілі ў СІЗА, па распараджэнні Брэсцкай пракуратуры распачалі крымінальныя справы па арт. 361—4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Сайт BAR24 апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. З 13 студзеня 2025 года ён перастаў адкрывацца.
11 лістапада 2025 года імёны чатырох асуджаных супрацоўнікаў BAR24, створанага камандай былога Intex-Press, — Наталлі Семяновіч, Мікіты Пятроўскага, Руслана Рэвякі і Людмілы Зяленковай — былі дададзены ў «Пералік асоб, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці», які вядзе МУС Беларусі. Усе чацвёра былі асуджаныя да «хатняй хіміі».
Рэдакцыя Intex-Press сутыкнулася з праблемамі ў працы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.