Зяленскі: Ёсць «вакно» для дасягнення міру да прамежкавых выбараў у ЗША
3- 27.02.2026, 13:27
- 1,542
Прэзідэнт Украіны заявіў аб рэальным шансе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі бачыць магчымасць дасягнуць міру да прамежкавых выбараў у ЗША ў лістападзе.
Пра гэта кіраўнік Украіны паведаміў у інтэрв’ю Sky News.
Зяленскі пацвердзіў, што гатовы сустрэцца з расійскім дыктатарам для перамоваў і зробіць усё, каб дасягнуць міру, але Украіна не будзе аддаваць свае тэрыторыі.
Уплыў ЗША
Прэзідэнт Украіны перакананы, што ЗША маюць дастаткова сіл, каб спыніць вайну.
«Злучаныя Штаты нават мацнейшыя, чым яны пра сябе думаюць. І я насамрэч так лічу. І яны сапраўды ціснуць на Пуціна. Яны могуць спыніць гэтую вайну», — сказаў ён.
Зяленскі заклікаў адміністрацыю Трампа ўзмацніць санкцыі супраць сем’яў кіраўніцтва РФ і прадаставіць Украіне больш сучасную зброю, бо гэта прымусіць РФ сур’ёзна паставіцца да перамоваў.
Наколькі блізкі мір?
«Зараз, я думаю, у нас ёсць шанец. Між намі кажучы, я насамрэч думаю пра наступны год... гэта залежыць ад гэтых месяцаў, ці будзе ў нас шанец скончыць вайну да восені. Да выбараў, важных, уплывовых выбараў у Злучаных Штатах. Калі ўдасца дасягнуць міру, у нас будзе (шанец), цяпер у нас ёсць гэтае вакно», — лічыць кіраўнік Украіны.
Як вядома, прамежкавыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Сенат адбудуцца ў лістападзе 2026 года.