Навукоўцы: колер моцна ўплывае на наша ўспрыманне музычных канцэртаў
- 27.02.2026, 12:55
Кожны гледач і слухач — крыху сінэстэт.
«Палёт шмеля» па-рознаму гучыць у зале з залацістымі сценамі і ў больш камернай цёмнай прасторы. Навукоўцы з Германіі выявілі, што колер памяшкання адыгрывае найважнейшую ролю ў тым, як менавіта мы ўспрымаем музыку, піша «Нож».
Лепшыя канцэртныя пляцоўкі свету славяцца якасным аздабленнем з матэрыялаў, што паляпшаюць акустыку. Часцяком каляровым рашэнням надаюць не так шмат увагі. Аднак, на думку аўтараў новага артыкула, кожны гледач і слухач — крыху сінэстэт.
«Успрыманне акустыкі памяшкання шматмернае, — патлумачыў Сцяфан Вайнзірль, сааўтар даследавання з Берлінскага тэхнічнага ўніверсітэта. — Зала можа падавацца “цёплым”, “яркім” або “металічным” паводле гучання».
Каб праверыць сваю гіпотэзу на практыцы, навукоўцы правялі эксперымент з удзелам 48 добраахвотнікаў — мужчын і жанчын сярэдняга ўзросту. Усім выпрабаваным выдалі гарнітуры для прагляду чатырох канцэртаў у фармаце віртуальнай рэальнасці.
Удзельнікі «наведалі» два сольныя выступленні скрыпачоў і два канцэрты кларнетыстаў у 12 розных залах: усе памяшканні адрозніваліся адно ад аднаго па колеры і яркасці аздаблення. Прылады змянялі гучнасць, прыстасоўваючыся да рухаў галавы чалавека. Далей добраахвотнікі ацэньвалі канцэрты паводле такіх крытэрыяў, як задавальненне ад праслухоўвання, тэмбр, рэверберацыя і гучнасць. Навукоўцы супастаўлялі іх адказы з характарыстыкамі віртуальных прастораў.
Калі верыць вынікам даследавання, існуе прамая ўзаемасувязь паміж вонкавым выглядам канцэртнай залы і ацэнкай выступленняў. Так, музыку, што гучала ў сініх і зялёных памяшканнях, добраахвотнікі называлі найбольш «халоднай». Часцей за ўсё выпрабаваныя атрымлівалі асалоду ад кампазіцый, што прагучалі ў цёмнай зале.
«Усе грошы, якія трацяцца на тое, каб у канцэртнай зале быў добры гук… Я лічу, не варта выпускаць з-пад увагі, што знешні выгляд уносіць свой уклад у гучанне залы», — дадаў Сцяфан Вайнзірль.