«Няма лёду толькі вакол дома, дзе жыве губернатар»
4- 26.02.2026, 14:56
- 2,798
Гамяльчане абураныя тым, што тратуары не ачысцілі ад снегу і лёду.
Гамяльчанка выклала ў Threads фота і відэа, як выглядаюць тратуары ў цэнтры горада — з падтаяўшым лёдам — і абурылася:
«Гэта норма? Куды дзеваецца бюджэт? У цэнтры горада няма расчышчанага ад снегу і лёду тратуара. Альбо на тратуары мокры снег, альбо лужына на лёдзе. Пра спальныя мікрараёны маўчу. Не здзіўлюся, калі Гомель па выніках траўматызму выйдзе на першае месца».
Ужо выйшаў — як паведамляў «Флагшток», найбольш зваротаў да медыкаў з-за галалёдных траўмаў было менавіта ў Гомельскай вобласці.


Больш за ўсё ахвяр галалёдзіцы — у Гомельскай вобласці, жыхары якой масава скардзіліся на працу камунальнікаў
Галалёдныя траўмы — у 3 тыс. 33 пацярпелых. У бальніцы гаспіталізаваны 381 пацыент.
На апублікаваных відэа і фота бачна, што з-за лёду і лужаў на тратуарах людзям даводзіцца ісці не па цэнтры дарожак, а па няроўных, не прыбраных ад снегу краях.
Гамяльчане ў Threads падтрымалі аўтарку і падзялілі яе абурэнне:
«Адбылася рэарганізацыя ГарСАП. Прыпынкі не прыбіраюцца. Наледзь не пасыпаюць. Зараз пад лужамі суцэльны лёд. Вадзе няма куды дзецца — ліўнёўка замерзлая».
«Сёлета гарадскія камунальнікі відавочна не падрыхтаваліся да такога экстрэмальнага суровага надвор'я. Горы снегу, галалёдзіца, не пасыпаныя тратуары, адсутнасць пяску з соллю. А затое штогод праводзяць маштабныя бясплатныя канцэрты з зоркамі, рэстаўруюць дамы ў цэнтры горада і мяняюць тратуарную плітку па тысячы разоў».
«Па Крестьянской ад Советской да Кирова можна пракаціцца. Суцэль вада на лёдзе».
«Ішла раніцай па Победе, ад цырка і да БелГУТа, добра, што не ўпала, слізка — проста капец».
«На Мазурава лёд адсутнічае толькі вакол дома, дзе жыве губернатар» [старшыня аблвыканкама Іван Крупко — рэд.].