26 лютага 2026, Чацвер, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Менавіта з-за гэтай «удаўкі» Лукашэнка пайшоў на перамовы

3
Наталля Радзіна: Менавіта з-за гэтай «удаўкі» Лукашэнка пайшоў на перамовы
Наталля Радзіна

Санкцыі прымусілі рэжым вызваліць палітвязняў.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна у інтэрв’ю «Радыё Рацыя» пракаментавала раптоўныя вайсковыя зборы ў Беларусі, пагрозу з тэрыторыі нашай краіны для краін Балтыі, Польшчы і Украіны, а таксама патлумачыла, чаму санкцыі — адзіны інструмент, які можа прымусіць Лукашэнку да вызвалення палітвязняў.

Наталля Радзіна адзначае, што наша краіна ператварылася ў расійскі вайсковы плацдарм для нападу на суседнія краіны:

— Вайсковыя зборы на тэрыторыі Беларусі могуць быць сігналам, што Беларусь рыхтуецца да вайны. Іх маштаб большы, чым у 2023 годзе, калі людзей зрывалі з працы, заклікалі ў войска шматдзетных, людзей з хваробамі, якія не павінны трапляць пад гэты прызыў. Усё гэта выклікае занепакоенасць.

Нагадаю, што за чатыры гады Расія мадэрнізавала ўсе аэрадромы на тэрыторыі Беларусі, будуецца вайсковая база на мяжы з Украінай, сховішча для ядзерных ракет, база для установак «Арэшнік» у Магілёўскай вобласці. Краіна ператварылася ў вайсковы плацдарм, з якога можна нападаць як на Украіну, так і на Еўропу.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org звярнула ўвагу на вострую рэакцыю беларусаў на зборы:

— Бачу, што людзі вельмі напружаныя і абмяркоўваюць верагоднасць таго, што беларускіх вайскоўцаў уцягнуць у вайну. Еўропа таксама ўсведамляе пагрозы, якія зыходзяць з тэрыторыі Беларусі. Гэта разумеюць і ў Літве, і ў Латвіі, і ў Польшчы, таму ўмацоўваюць мяжу з Беларуссю. Гэтыя краіны выйшлі з Атаўскай канвенцыі і замінуюць мяжу з нашай краінай, бо разумеюць, што можа адбыцца ўварванне. Таксама Літва цвёрда стаіць на тым, каб захаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Хаця на Вільнюс аказваецца ціск з боку ЗША, якія хочуць, каб калій ішоў да іх праз порт у Клайпедзе. Тое, што Літва адмаўляецца здымаць санкцыі, паказвае, што яна ўсведамляе, які ўзровень пагрозы сёння зыходзіць з Беларусі.

Наталля Радзіна адказала на пытанне «Радыё Рацыя» пра заявы лідара руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка адносна таго, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі бескарысныя і робяць Беларусь яшчэ больш залежнай ад Расіі:

— Інакш як глупствам гэта назваць не магу. Цяпер людзі выйшлі на волю, таму што ёсць эканамічныя санкцыі супраць рэжыму, а не таму, што Пазняк пісаў чалабітныя Лукашэнку. Выключна дзякуючы эканамічнаму ціску. Мы ведаем, што менавіта беларускія ўлады выходзілі на адміністрацыю прэзідэнта ЗША, прапаноўваючы вызваліць палітвязняў у абмен на зняцце санкцый. Ініцыятыва зыходзіла з беларускага боку, бо санкцыі — удаўка для Лукашэнкі. Адзначу, што больш прарасійскага палітыка, чым Лукашэнка, у Беларусі няма. Таму не трэба распавядаць, што калі з яго зняць санкцыі, ён раптам стане праеўрапейскім. Пазняку не хапіла 30 гадоў дыктатуры, каб зразумець, хто такі Лукашэнка? Дыктатара цікавіць толькі ўласная ўлада, і ён гатовы знішчаць усё: пачынаючы ад людзей, заканчваючы суверэнітэтам і незалежнасцю краіны.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org заклікае краіны Захаду не спыняць ціск на рэжым у Беларусі:

— Сёння трэба патрабаваць, каб Лукашэнка вызваліў усіх палітвязняў і спыніў дэпартацыю людзей за мяжу, яны павінны мець магчымасць заставацца ў краіне. Гэтыя людзі павінны быць рэабілітаваныя, ім павінны быць вернутыя ўсе грамадзянскія правы. Чаму ад Лукашэнкі гэтага не патрабуюць? Нагадаю, што пасля 2010 года Еўропа і ЗША дамагаліся ад Лукашэнкі вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, цяпер жа мы радуемся, што людзей дэпартуюць з Беларусі — змучаных, з праблемамі са здароўем, без рэчаў, без пашпартоў. А некаторыя кажуць, што за гэта трэба здымаць санкцыі. Ці ж гэта не рабскае мысленне? Як можна за гэта здымаць санкцыі? Добра, што амерыканцы размаўляюць з Лукашэнкам, што ўдалося вызваліць каля 300 чалавек. Але колькі новых палітвязняў з’явілася? Таксама мы не ведаем, колькі іх увогуле, бо вязняў значна больш, чым кажуць праваабарончыя арганізацыі. Думаю, што іх можа быць да васьмі тысяч чалавек, бо менавіта столькі праходзіла па крымінальных палітычных справах. Трэба патрабаваць ад Лукашэнкі вызвалення гэтых людзей і іх рэабілітацыі.

Павінна быць агульная палітыка заходніх краін у дачыненні да Лукашэнкі, а патрабаваць вызвалення палітвязняў павінна і беларуская апазіцыя, у якой ёсць голас і магчымасць сустракацца з еўрапейскімі палітыкамі. Калі будуць выпушчаныя ўсе палітвязні і будзе спынены палітычны тэрор, тады магчымыя перамовы з рэжымам Лукашэнкі і адмена санкцый. Таксама павінна быць спыненая вайна ва Украіне, бо частка санкцый была ўведзеная за ўдзел Беларусі ў вайне; яны не могуць быць адмененыя праз падтрымку Лукашэнкам расійскай агрэсіі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках