Чорны «Шахед» у небе над горадам выклікаў перапалох у Гомелі
15- 26.02.2026, 10:40
- 9,874
На перахоп быў адпраўлены верталёт.
Раніцай 26 лютага жыхары Гомеля паведамілі мясцоваму выданню «Флагшток» пра пралёт беспілотніка над горадам. Пры гэтым украінскія маніторынгавыя каналы за апошнія гадзіны не фіксавалі ўварванняў лятальных апаратаў у паветраную прастору Гомельшчыны.
Як перадае «Флагшток», дрон «выдае характэрны гук, падобны да гуку мапеда». Паведамленні пра гук паступалі «каля паўгадзіны з розных раёнаў Гомеля», пісала выданне а 9.34.
Пазней «Флагшток» дадаў, што «ўслед за чорным БПЛА» вайскоўцы «адправілі верталёт». Як перадае выданне са спасылкай на даныя візуальнага назірання, над Гомелем, верагодна, быў заўважаны адзін з БПЛА Shahed-136 («Герань»), якія выкарыстоўвае Расія.
А 10.03 тэлеграм-канал «Гаворыць Гомель», які звязваюць з упраўленнем ідэалогіі Гомельскага аблвыканкама, апублікаваў пост, у якім пералічаны «меры бяспекі пры выяўленні дронаў». Выданне ўдакладніла, што матэрыял абнародаваны «проста, каб ведаць».
Выданне таксама папярэдзіла аб крымінальнай адказнасці за «любую здымку і публікацыю фота і відэа перамяшчэнняў ваеннай тэхнікі, вайскоўцаў або ваенных аб’ектаў».