ЗША патрабуюць бестэрміновай ядзернай здзелкі з Іранам
4- 26.02.2026, 8:13
- 1,744
«Да канца жыцця».
Спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткоф на прыватнай сустрэчы заявіў, што любая здзелка з Іранам павінна бестэрмінова абмяжоўваць ядзерную праграму Тэгерана.
Пра гэта паведамляе Axios.
«Мы пачынаем з іранцаў, ідучы з перадумовы, што ў іх няма палажэнняў аб сканчэнні тэрміну дзеяння пагаднення. Незалежна ад таго, ці падпішам мы здзелку, ці не, наша перадумова такая: вы павінны паводзіць сябе належным чынам да канца свайго жыцця», — сказаў Уіткоф на сустрэчы з донарамі AIPAC 24 лютага ў Вашынгтоне, цытуюць ягоныя крыніцы.
Таксама спецпрадстаўнік Трампа сказаў, што цяпер перамовы ЗША і Ірана сканцэнтраваныя на ядзерных пытаннях.
Але нават калі здзелкі ўдасца дасягнуць, адміністрацыя Трампа хацела б правесці дадатковыя перамовы па іранскай ракетнай праграме і падтрымцы праксі-апалчэнняў.
На гэтым этапе, кажа Уіткоф, ЗША хацелі б, каб да перамоў далучыліся і іншыя краіны рэгіёну.
Ён удакладніў, што падчас цяперашніх перамоваў ключавымі пытаннямі з'яўляюцца здольнасць Ірана ўзбагачаць уран і лёс ужо існуючых запасаў узбагачанага ўрану краіны.
Акрамя таго, на мінулым тыдні кіраўнік МЗС Ірана Абас Арагчы заявіў у інтэрв'ю CBS, што Іран мог бы падпісаць «лепшую» здзелку, якая гарантавала б, што ядзерная праграма краіны «назаўжды застанецца мірнай».
Чакаецца, што ў чацвер, 26 лютага, у Жэневе адбудзецца новая сустрэча пасланнікаў Трампа Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера з кіраўніком МЗС Ірана Абасам Арагчы. Яны падрабязна абмяркуюць прапанову па ядзернай здзелцы, распрацаваную Іранам.
Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, сказала, што палітычнае кіраўніцтва Ірана «ўхваліла» гэтую прапанову, але незразумела, ці перадалі іранцы яе ўжо ЗША.
Сустрэча ў Жэневе, верагодна, стане апошнім шанцам на дыпламатычны прарыў. Пасланне, якое Кушнер і Уіткоф перададуць Трампу, істотна паўплывае на рашэнне прэзідэнта: працягваць перамовы ці аддаць загад аб ваеннай кампаніі супраць Ірана.
Axios таксама нагадала, што згодна са здзелкай 2015 года, якую Трамп скасаваў, большасць абмежаванняў на ядзерную праграму сканчваліся на працягу 8–25 гадоў пасля яе падпісання.