Зяленскі павысіў у вайсковым званні Дзяніса Пракопенку
1- 25.02.2026, 20:10
- 1,934
Камандзіру «Азова» прысвоена званне брыгаднага генерала.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прысвоіў званне брыгаднага генерала камандзіру «Азова» Дзянісу Пракопенку.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на адпаведны ўказ кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
«Прысвоіць вайсковае званне брыгадны генерал палкоўніку Пракопенку Дзянісу Генадзевічу — камандзіру 1-га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў», — сказана ў указе Зяленскага.
Варта адзначыць, што раней Пракопенка быў палкоўнікам.
Дзяніс Пракопенка (пазыўны «Рэдыс») — вайсковец Нацыянальнай гвардыі Украіны, Герой Украіны, які браў удзел у абароне Марыупаля.
Нарадзіўся 27 чэрвеня 1991 года ў Кіеве. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Кіеўскім нацыянальным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці «Германская філалогія».
Да пачатку вайсковай кар’еры быў актыўным удзельнікам ультрас-руху футбольнага клуба «Дынама» (Кіеў).
Вайсковы шлях Пракопенкі пачаўся ў ліпені 2014 года, калі ён далучыўся да шэрагаў тады яшчэ батальёна «Азова». Прайшоў шлях ад шараговага байца да камандзіра палка.
Сусветную вядомасць атрымаў у 2022 годзе падчас поўнамаштабнага ўварвання РФ, кіруючы 86-дзённай абаронай Марыупаля і завода «Азоўсталь» у поўным акружэнні. У маі 2022 года Пракопенка трапіў у палон да расіян.
У верасні таго ж года ў межах вялікага абмену яго вызвалілі і адправілі ў Турцыю, адкуль ён вярнуўся ва Украіну ў ліпені 2023 года.
Пасля вяртання Дзяніс Пракопенка зноў стаў на абарону Украіны.