ЗСУ падарвалі найбуйнейшы склад дронаў у Курскай вобласці РФ
7- 25.02.2026, 19:57
- 9,062
Усе запасы БПЛА знішчаны.
ЗСУ нанеслі балючы ўдар па расійскай ваеннай інфраструктуры на тэрыторыі Курскай вобласці. У выніку атакі быў узарваны і знішчаны буйны склад, дзе захоўваліся тысячы беспілотнікаў, боепрыпасы і тэхніка, перадае «Дыялог».
У 80-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ЗСУ паведамілі, што аб’ект быў выяўлены на тэрыторыі Расіі паблізу мяжы з Сумскай вобласцю. Менавіта з Курскай вобласці расійскія войскі рэгулярна прадпрымаюць спробы ціску на ўкраінскае памежжа, што робіць падобныя мэты стратэгічна важнымі.
Паводле інфармацыі вайскоўцаў, на складзе было сканцэнтравана значная колькасць дронаў, боепрыпасаў і абсталявання для іх, а таксама лёгкая аўтатэхніка, якая выкарыстоўваецца экіпажамі БПЛА. Удар прывёў да маштабнага пажару і фактычнага знішчэння запасаў.
Асаблівую ўвагу прыцягнулі ацэнкі вытворцы — кампаніі Ptashka Drones. Там заявілі, што на складзе магло знаходзіцца каля 10 тысяч расійскіх беспілотнікаў. Калі гэтыя даныя пацвердзяцца, страты для расійскай арміі будуць вымярацца не толькі тэхнікай, але і істотным змяншэннем ударнага патэнцыялу на адным з ключавых участкаў фронту.
Украінскія вайскоўцы падкрэсліваюць, што расійскі бок традыцыйна лічыў аб’екты ў глыбіні сваёй тэрыторыі недасягальнымі. Аднак канцэнтрацыя такіх крытычных рэсурсаў, як адзначаюць дэсантнікі, фактычна ператварае іх у прыярытэтныя мэты.
У Ptashka Drones таксама ўдакладнілі, што для ўдару выкарыстоўваліся дроны на валаконна-аптычнай сувязі, здольныя дзейнічаць на дыстанцыях да 50 кіламетраў. Такая тэхналогія істотна ўскладняе супрацьдзеянне сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і павышае дакладнасць атак.