У Беларускай чыгункі ўзніклі праблемы з электрацягнікамі Stadler
1- 25.02.2026, 18:21
- 1,662
З рэйсаў зняты саставы на напрамках Мінск — Брэст і Мінск — Гомель.
Пасля праблем з польскімі дызель-цягнікамі, якія Беларуская чыгунка была вымушаная замяняць на вагоны лакаматыўнай цягі, пачаліся праблемы са швейцарскімі электрацягнікамі Stadler. 22 і 23 лютага быў зняты з рэйса сямівагонны цягнік ЭПм-001 №№733/734, а 23 і 24 лютага такі ж лёс напаткаў цягнік №№701/702.
І калі замену польскіх цягнікоў тлумачылі «тэхнічнымі прычынамі», то замену швейцарскіх электрацягнікоў вырашылі патлумачыць «неабходнасцю правядзення пазапланавага тэхнічнага агляду». Як лічаць у Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, тэрміновая замена цягнікоў сведчыць, што прычына была даволі сур'ёзная.
У Супольнасці чыгуначнікаў звяртаюць увагу, што няспраўнасць электрацягніка ЭПм-001 дадаецца да саставу ЭПм-002, які ўжо працяглы час не эксплуатуецца. Такім чынам, на маршруце Мінск — Брэст няма аналагічнай замены сямівагонным цягнікам ЭПм. Без такіх жа саставаў застаўся таксама папулярны маршрут Мінск — Гомель.
Замяніць іх на пяцівагонныя саставы немагчыма, бо ўсе яны (акрамя аднаго) задзейнічаныя ў перавозках згодна з раскладам на іншых напрамках.