Беларускія банкі пачнуць сачыць за «паводзінамі» кліентаў
5- 25.02.2026, 14:52
- 1,876
Некаторым карыстальнікам могуць абмежаваць фінансавыя аперацыі.
Беларускія банкі з 1 ліпеня 2026 года будуць абавязаныя ўкараніць новыя стандарты абароны, паведамілі ў Нацбанку. Новыя правілы запатрабуюць аналізаваць паводзіны кліентаў фінансавых устаноў у рэжыме рэальнага часу, адсочваючы ў дадатках мабільнага банкінгу месцазнаходжанне, час уваходу і тыповыя плацежныя звычкі.
Прадстаўнік Нацыянальнага банка сцвярджае, што новая сістэма будзе выяўляць падазроныя аперацыі з мэтай абараніць зберажэнні грамадзян ад кіберзлачынцаў.
«Сістэма будзе аналізаваць паводзіны кліента ўжо пры ўваходзе ў мабільны банк — спосаб аўтарызацыі, час уваходу, прыладу. Напрыклад, калі карыстальнік звычайна ўваходзіць удзень па біяметрыі, а потым аўтарызуецца ўначы з увядзеннем пароля, аперацыя можа быць прызнана падазронай», — заявіў журналістам у аўторак намеснік начальніка ўпраўлення абароны інфармацыі Нацыянальнага банка Дзмітрый Курыла.
Паводле яго слоў, калі кліент банка паспрабуе здзейсніць нетыповы пераказ праз дадатак, напрыклад, у іншую краіну або на раней невядомы рахунак, банк будзе абавязаны дадаткова пацвердзіць аперацыю або нават прыпыніць яе.
Акрамя таго, банкі створаць чорныя спісы прылад, у кожнай з якіх будзе «лічбавы адбітак». Калі смартфон або камп’ютар будзе ўнесены ў адзіны чорны спіс (блэк-ліст), правядзенне любых фінансавых аперацый з яго стане немагчымым, незалежна ад таго, якім банкам выпушчаная карта.