У мінскім доме-«калодзежы» прадаюць незвычайную кватэру
2- 25.02.2026, 12:30
- 2,742
У ёй пяціметровыя столі і трохкутная спальня.
Праз пару гадоў дамамі-«калодзежамі» сталічных жыхароў ужо не здзівіш: «Мінск-Мір» як можа стараецца напаўняць горад пабудовамі такога тыпу. Аднак у 2014-м з'яўленне шматпавярхоўкі, «замкнёнай у сабе», выклікала сапраўдны інфармацыйны фурор. Дык як такое можна было прыдумаць? І пакуль усе разважалі, як жывецца жыхарам першых паверхаў, на апошнім была свая атмасфера, — піша Onlíner.
Уважлівыя чытачы адразу ж заўважылі на фатаздымках, знятых з вышыні, мансардныя вокны. Але як кватэры з дадатковым святлом выглядаюць знутры, заставалася загадкай. І вось — ніякіх больш таямніц.


У базе сэрвісу «Дамы і кватэры» з'явілася аднапакаёўка плошчай 43 м² на Чарвякова, 55, акурат на апошнім паверсе. І гэта, бадай, адна з самых незвычайных кватэр Мінска. Гаспадары вырашылі не дзяліць яе на пакоі і пакінулі «опен-спэйс» у выглядзе кухні-гасцёўні. Адначасова з гэтым спальную зону (вельмі кампактную) вынеслі на антрэсольны ўзровень. На шчасце, вышыня столяў дазваляе гэта зрабіць.



Як пазначаецца ў аб'яве аб продажы, у каньку кватэра мае вышыню 4,95 метра, і гэтай перавагай скарысталіся. На жаль, дах скатны, таму і спальня атрымалася ў форме трохкутніка. Яе плошчу можна ўмоўна прылічыць да агульнай, каб было прыемней.


Аднапакаёўка гатовая да камфортнага жыцця: рамонт у ёй даўно зроблены, усё абжыта.
«Кватэра свабодная. Хуткае афармленне. Санвузел — 7,2 квадратнага метра. Два мансардныя вокны як дадатковае дзённае святло. Кватэра можа быць прададзена з мэбляй і бытавой тэхнікай (халадзільнік, посудамыйная машына, варочная панэль, выцяжка, кандыцыянер, пральная машына). Падлогавае пакрыццё: паркетная дошка і плітка», — удакладняецца ў аб'яве.

Кватэра прадаецца за 370 330 рублёў, або $130 000 у эквіваленце. То-бок адзін квадратны метр абыдзецца пакупніку амаль у $3000 па курсе.
