У Літве пасадзілі дрон з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі
- 25.02.2026, 10:44
- 1,724
Дабрацца да яго было няпроста.
Літоўскія памежнікі каля мяжы з Беларуссю пасадзілі беспілотнік кантрабандыстаў з 500 пачкамі беларускіх цыгарэт. Пра гэта паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Дрон каля вёскі Мілвідай (Шальчынінкскі раён) у ноч на 25 лютага заўважыў аператар сістэмы відэаназірання памежнай заставы. Інфармацыю пацвердзіў памежнік з пераносным цеплавізарам.

«Ужо на світанку, прыкладна за паўкіламетра ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю, у лесе непадалёк ад згаданай вёскі супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы выявілі дрон з прымацаваным пакункам. Аднак дабрацца да яго было няпроста: пад уздзеяннем абсталявання памежнікаў беспілотнік прызямліўся высока на вяршыні сасны і застрэў сярод галінак», — распавялі памежнікі.
У прымацаваным да БПЛА грузе выявілі 500 пачак цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт з улікам усіх абавязковых у Літве падаткаў складае 2475 еўра.
У Службе аховы дадалі, што сёлета памежнікі пасадзілі шэсць дронаў кантрабандыстаў з цыгарэтамі.