25 лютага 2026, Серада, 11:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктарка інстытута сучаснай псіхатэрапіі паставіла «дыягназ» Лукашэнку

18
Дырэктарка інстытута сучаснай псіхатэрапіі паставіла «дыягназ» Лукашэнку

Чаму дыктатар больш турбуецца пра жывёлу, чым пра людзей?

Кіраўнік Беларусі працягвае ў краіне масавыя рэпрэсіі і нават сваім падначаленым абяцае «паставіць да сцяны». Пры гэтым яго моцна клапоціць, каб з каровамі і свіннямі ўсё было добра.

Аказваецца, з пункту гледжання псіхалогіі гэтаму ёсць тлумачэнне. «Салідарнасць» папрасіла растлумачыць.

На пачатку лютага Аляксандр Лукашэнка чарговы раз выступіў з «крыкам душы», занепакоіўшыся лёсам жывёл. У перыяд маразоў ён заявіў:

– Чаму я гавару пра падзеж? Гэта ж маральнае ўродства, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэтае цяжкае надвор'е, нашых меншых братоў. Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, сабачку?!

Ён таксама згадаў старыя часы, калі свінаркі часам неслі дадому нованароджаных парасят, каб адгрэць і ўратаваць.

Такі «клопат» выглядаў рэзкім кантрастам у параўнанні са стаўленнем да людзей. Прыблізна ў той самы перыяд Лукашэнка запатрабаваў панізіць тэмпературу ў кватэрах і эканоміць на вулічным асвятленні.

За апошнія гады кіраўнік неаднаразова дэманстраваў свой клопат пра жывёл. Напрыклад, убачыўшы ў 2022-м на відэа, як дзяўчына б'е нагамі сваю сабаку, распарадзіўся адабраць пса ў гаспадыні і аддаць трэнеру сваёй каманды Дзмітрыю Баскаву.

А «падзеж жывёлы» (захаванасць кароў) наогул стаў для Лукашэнкі ідэяй фікс: гэтая тэма не сыходзіць з парадку дня шматлікіх нарадаў і камандзіровак. «Дык гэта ж Асвенцым!» – крычаў Лукашэнка на ферме ў 2019-м.

Такое надзвычай «цёплае» стаўленне кіраўніка да жывёл можа выклікаць здзіўленне. З улікам таго, што пад яго кіраўніцтвам у Беларусі працягваюцца масавыя рэпрэсіі, а ў дачыненні да палітвязняў (ды і не толькі) ужываюцца катаванні.

Лукашэнка дэманструе, што не здольны пашкадаваць ні жанчын, ні людзей з інваліднасцю, ні глыбокіх пенсіянераў.

«Маральнае ўродства» кіраўнік бачыць зусім не там, дзе астатнія.

Ды і да вертыкальшчыкаў не сказаць, што ставіцца цёпла. Сярод яго любімых выказванняў на адрас падначаленых – «надзець кайданкі», «адарваць галаву», «паставіць да сцяны».

Як у адным чалавеку могуць ужывацца моцны эмацыйны «клопат» пра жывёл і жорсткае стаўленне да людзей?

Дырэктарка вільнюскага Еўрапейскага інстытута сучаснай псіхатэрапіі, псіхатэрапеўтка Анна Матуляк растлумачыла «Салідарнасці», чаму можа існаваць такая дваістасць.

– Даследаванні паказалі: калі нейкі чалавек ці група людзей успрымаюцца як пагроза ці вораг (не заўсёды гэта рацыянальная ацэнка), то часта адбываецца ўсім вядомая дэгуманізацыя: спачуванне проста выключаецца. Што мы сёння і назіраем у Беларусі, – тлумачыць суразмоўніца. – Ёсць такі феномен, як маральнае выключэнне. Калі пэўную групу людзей выводзяць за межы маральнага кола – і да іх ужываюцца іншыя стандарты.

Для рэжыму Лукашэнкі «змагары», «экстрэмісты» – не проста ворагі, а небяспечныя ворагі. Таму для прадстаўнікоў гэтай сістэмы жорсткасць не рэгіструецца як жорсткасць, а ўспрымаецца як неабходнасць.

Вось так спалучаецца, здавалася б, неспалучальнае: у сваёй сям'і чалавек можа быць сапраўды добрым, а ў дачыненні да палітычных апанентаў – бязлітасным. Бо для яго гэта ворагі, выведзеныя за межы маральнага кола.

А жывёлы, у адрозненне ад людзей, не ўяўляюць небяспекі. Яны не спрачаюцца, не патрабуюць перамен, не пратэстуюць, не ставяць пад сумнеў тваю ўладу. Больш за тое, яны залежныя. Таму да іх лёгка праяўляць «цёплыя пачуцці».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках