Зяленскі заявіў, што хоча дакладную дату ўступлення Украіны ў ЕС
4- 24.02.2026, 22:05
- 3,032
Фон дэр Ляен адказала.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у апублікаваным 23 лютага інтэрв’ю Financial Times заклікаў Еўрапейскі саюз вызначыць рэальныя тэрміны ўступлення Украіны.
Ён лічыць, што гэта павінна адбыцца ўжо ў 2027 годзе.
«Мне патрэбная дата. Я прашу пра гэта», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, ЕС трэба пазбегнуць сітуацыі, калі на шляху Кіева да сяброўства ўзнікнуць новыя выклікі, у тым ліку з боку краіны-агрэсара Расіі.
«Давайце не дапусцім, каб будучыя лідары або наступнае пакаленне сутыкнуліся з сітуацыяй, калі РФ блакуе сяброўства Украіны ў ЕС на 50 гадоў», — заявіў Зяленскі.
Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен 24 лютага заявіла, што ЕС пакуль не можа назваць для Украіны канкрэтную дату ўступлення, хоць украінскі бок «выдатным чынам» выконвае неабходныя рэформы. Яе прэс-канферэнцыю ў Кіеве цытуе «Укрінформ».
«Я вельмі добра разумею, што для вас дакладная дата абсалютна важная. Сёння вы казалі, што ёсць пэўны паказчык, якога вы хацелі б дасягнуць. З нашага боку назваць дату пакуль немагчыма. Але падтрымка, дзякуючы якой вы зможаце дасягнуць сваёй мэты, з нашага боку будзе прадастаўлена», — сказала яна.