24 лютага 2026, aўторак, 22:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«В Украіне ніхто не верыць, што там такое адбываецца»

5
«В Украіне ніхто не верыць, што там такое адбываецца»
Міхаіл Сталярчук

Украінец, якога затрымалі ў Беларусі за два дні да вайны, расказаў пра пакуты за кратамі.

Палітвязень Міхаіл Сталярчук з Украіны — адзін з 31 украінца, вызваленых напрыканцы лістапада мінулага года. Яго разам з пляменнікам Дзмітрыем затрымалі за два дні да пачатку поўнамаштабнай вайны. З прызначаных шасці гадоў украінец адбыў амаль палову ў цяжкіх умовах у брэсцкім СІЗА і віцебскай калоніі. Да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Міхаіл расказаў «Вясне» пра катаванні падчас затрымання, прыдуманыя абвінавачанні, смерць Вадзіма Храсько, сведкам якой ён стаў, надзею ў зняволенні на хуткае вызваленне і цяжкую адаптацыю на волі.

«Надзелі мяшкі на галавы і адвезлі ад мяжы»

Міхаіл Сталярчук — з Ковеля Валынскай вобласці, тут ён і цяпер жыве са сваёй сям’ёй. Раней ён працаваў вадзіцелем рэйсавага аўтобуса. З 2018 года да затрымання мужчына здзяйсняў паездкі па маршруце Ковель — Брэст. За тыдзень ён мог чатыры–пяць разоў ездзіць у Беларусь. Гэта цягнулася амаль чатыры гады, але 22 лютага 2022 года пасля вяртання рэйсам Брэст — Ковель Міхаіла затрымалі.

«Я вяртаўся з Брэста дамоў ва Украіну. Са мной быў пляменнік, які працаваў на рэйсе кандуктарам, — Дзмітрый Гудык. На памежным пункце пропуску «Мокраны» супрацоўнікі КДБ (гэта я потым ужо зразумеў) у памежнай форме адразу адправілі мяне на праверку з-за таго, што, нібыта, я вязу наркотыкі. Нібы ў іх была інфармацыя пра гэта — шукалі ці не шукалі потым, не ведаю.

У нас з пляменнікам забралі тэлефоны і відэарэгістратар з аўтобуса. Потым нам надзелі мяшкі на галавы і адвезлі ад мяжы. Нас вазілі гадзіны чатыры, і ўрэшце прывезлі ў аддзел КДБ у Брэсце.

Калі я ехаў апошні раз у Брэст, 22 лютага, насустрач каля мяжы ішла калона вайсковай тэхнікі — расійскай і беларускай. Гэта трапіла на відэарэгістратар. КДБ дапытвала наконт гэтага. Нас білі. Пыталі, для чаго стаяць камеры ў аўтобусе. Мы казалі, што ў нас па ўсёй краіне відэарэгістратары стаяць, больш за тое, фірма яго ўсталёўвала ў наш аўтобус. Трое сутак нас трымалі ў памежным ІЧУ — увесь гэты час дапытвалі, на каго мы працуем».

«Білі рукамі, бутэлькай з вадой па нырках, электрашокерам»

Як згадвае мужчына, на чацвёртыя суткі іх з пляменнікам адвезлі ў Ленінскі РАУС Брэста. Там ім сказалі, што месяц будуць трымаць у ізалятары ў падрыхтоўцы да дэпартацыі.

«Па розных камерах з пляменнікам мы сядзелі каля 28 дзён. Потым нас пасадзілі ў адну камеру — мы думалі, што ўжо дамоў нарэшце паедзем. Але праз два дні прынеслі крымінальнае абвінавачанне ў «агентурнай дзейнасці» — нібыта мы супрацоўнічалі са спецслужбамі Украіны.

Я быў шакаваны гэтай крымінальнай справай. Я казаў, што відэарэгістратар усталявала нам фірма — незалежна ад таго, куды едзем: ці ў Польшчу, ці ва Украіну, ці ў Беларусь. Мы да гэтага ніякага дачынення не маем.

Каб мы падпісалі абвінавачанне, нас збівалі. Катаванні цягнуліся на працягу двух дзён. Білі і рукамі, і бутэлькай з вадой па нырках, і электрашокерам. На трэці ці чацвёрты дзень мяне прывялі да следчага, які пачаў пагражаць, што калі я не падпішу, то ён патэлефануе маёй жонцы і скажа, што мяне адпускаюць, і хай яна прыязджае цябе забіраць. І дадаў: «Але ты не здзіўляйся, калі на мяжы ў яе знойдуць наркотыкі і гадоў на 13 яна сядзе — дык што, думай».

Пасля гэтага я зрабіў прызнанне — запісаў «пакаяльнае відэа», дзе папрасіў бы на камеру прабачэння ў прэзідэнта і беларускага народа за свае дзеянні. Я пагадзіўся на гэта. Пасля гэтага яны перасталі здзекавацца і біць мяне».

«Адвакатка сказала падпісваць усе паперы»

Пра пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне Міхаіл даведаўся толькі праз паўтара месяца:

«Было цяжка. Бо расказвалі, што вайна ідзе па ўсёй краіне, а ў мяне родзічы і сям’я ва Украіне. Перажываў».

Мужчына ўзгадвае, што пасля затрымання яму прызначалі адваката:

«Спачатку мяне мала выклікалі на допыты. Потым прыйшоў следчы з пытаннем, хто мне наняў адваката. Бо спачатку была адвакатка ад іх, якая сказала падпісваць усе паперы. Я зразумеў, што яна мне не дапаможа, і ад яе адмовіўся. Потым мне сваякі нанялі адваката. Следчы пытаўся, хто гэта зрабіў, і ці згодны я.

Праз нейкі час мяне прывезлі з КДБ на допыт з новым адвакатам. Я паспеў з ёй пагутарыць дзве хвіліны, пакуль следчы не прыйшоў. Мы дамовіліся, што я буду думаць перад тым, як адказваць, а калі што не так, то яна мяне паправіць. На допыце яна паспрабавала мне дапамагчы адказаць, на што ёй следчы сказаў: «Ты рот закрый, бо заўтра будзеш сядзець у суседняй камеры з ім. З сённяшняга дня мы ведаем, якую ты бялізну носіш». Тут я зразумеў, што да чаго».

У Міхаіла ўзялі распіску аб неразгалошванні даных крымінальнай справы:

«Калі я спытаў, навошта гэта, то следчы сказаў, што калі да мяне нехта будзе прыходзіць і пра штосьці пытацца, то я павінен буду толькі назваць артыкул і ўсё».

«Амаль увесь час я сядзеў без перадач»

У брэсцкае СІЗА мужчыну перавялі праз месяц пасля затрымання і неўзабаве паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці»:

«Пасля таго, як мяне перавялі з адзіночкі ў агульную камеру, мяне адразу выклікалі і сказалі, што будзе прафулік. Сказалі, што трэба падпісаць паперы. Я адказаў, што нічога падпісваць не буду. Тады начальнік СІЗА сказаў, што мой подпіс ім не патрэбны — яны самі паставяць мяне на ўлік».

Две тыдні пасля ізалятара часовага ўтрымання Міхаіла трымалі ў адзіночнай камеры, а потым перавялі ў агульную, перыядычна адпраўляючы ў карцар. Усяго ў СІЗА ён правёў 11 месяцаў да пераводу ў калонію:

«У адзіночцы мяне трымалі без матраца і рэчаў. Камера два на два. Увесь дзень або сядзіш, або ходзіш туды-сюды. У агульнай камеры выпісвалі парушэнні за любую драбязу. Мяне адпраўлялі разоў 10 у карцар — калі на 10 сутак, калі на пяць.

Амаль увесь час я сядзеў без перадач, бо родзічаў у Беларусі ў мяне не было. Ад старонніх людзей перадачы мне былі забаронены нават у СІЗА, бо я палітычны. Аднойчы з Украіны праз Польшчу прыехала жонка і прывезла перадачу. Як толькі яна перасекла мяжу, яе выклікалі на допыт. Потым яе выклікалі ў КДБ — там яе дапытвалі гадзін чатыры–пяць, палохалі. Потым яна яшчэ раз хацела прыехаць, але яе на мяжы ўжо не ўпусцілі.

Ёй сказалі, што яе «родзічы ўчынілі злачынства на тэрыторыі Беларусі, а іх наведванне не з’яўляецца падставай для ўезду ў Беларусь». Ёй паставілі штамп у пашпарт пра забарону. Яна мне казала, што паспрабуе яшчэ раз прыехаць, але я ўжо прасіў, каб яна не ехала, бо яе пасадзяць».

«Шэсць гадоў толькі на здагадках — як так можна?!»

Суд над Міхаілам і яго пляменнікам Дзмітрыем праходзіў у закрытым рэжыме. Усяго было шэсць пасяджэнняў. Суддзя Андрэй Лешчанка прызначыў Міхаілу шэсць гадоў калоніі, а Дзмітрыю — пяць. Таксама па справе была апеляцыя ў Вярхоўным судзе, але прысуд пакінулі ў сіле — у гэты час Міхаіла ўжо адправілі ў калонію.

«У матэрыялах справы ўсё было на здагадках следства, што мы з Дзмітрыем «маглі супрацоўнічаць з рознымі спецслужбамі». Калі пракурорка запатрабавала шэсць гадоў, я ў яе спытаў: «Я мяркую, што вы здраджваеце свайму мужу, што вы бераце хабар, але гэта ж маё меркаванне, у мяне няма доказаў. А вы запытваеце мне шэсць гадоў толькі на здагадцы — як так можна?!» Яна адказала толькі так: «Сядай, будзе цяпер сем».

Я ўжо нават не здзівіўся тэрміну… За год у СІЗА я бачыў, колькі і за што людзей завозяць — я ўсё зразумеў. Я быў у шоку, што людзей саджаюць за лайкі, за каментары! Такія тэрміны даюць ні за што! Я цяпер ва Украіне расказваю, што там адбываецца, — усе ў шоку! Ніхто не верыць, што там такое робіцца і за такое людзі сядзяць».

Пра вынік суда і сутнасць абвінавачання супраць Міхаіла і Дзмітрыя стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН «Контрразведка. Аперацыі беларускага КДБ супраць спецслужбаў Захаду і Украіны». Сам мужчына ўбачыў сюжэт ужо, знаходзячыся на волі:

«Мне было смешна з гэтага. Мала таго, што яны настройваюць супраць сябе свой народ, дык яшчэ і ўкраінскі».

«На момант вызвалення я сядзеў у ШІЗА ўжо больш за 30 сутак»

Адбываць тэрмін Міхаіла накіравалі ў калонію №3 «Віцьба». Дарога туды заняла каля сутак.

«У калонію мяне везлі ў кайданках — рукі за спіной. Рэчы, як хочаш, так і нясі за сабой. У цягніку таксама рукі ў кайданках — нават не перастегнулі наперад. На дзень пакідалі мяне ў віцебскім СІЗА.

У першы дзень на «Віцьбе» мяне адразу пачалі палохаць, што адвязуць на «крытую». Першыя тры дні прайшлі спакойна, а потым праверка за праверкай. За «неадпаведнасць рэчаў апісу» далі мне 10 сутак штрафнога ізалятара (ШІЗА).

Калі я выйшаў з ШІЗА, мяне ўжо вызначылі ў атрад. Там выпісвалі парушэнне за парушэннем. За любую драбязу, напрыклад, за расшпілены гузік, вешалі парушэнні і адпраўлялі ў ШІЗА. Першы год часта адпраўлялі ў ШІЗА. У месяц маглі кожныя два дні пісаць парушэнні. Калі не выйдзеш на працу або адмовішся, то адразу сутак 90 ШІЗА або адразу на «крытую».

Я стараўся больш часу праводзіць на працы, бо калі ў атрадзе застаешся, то адразу выпісваюць парушэнні за парушэннем. Некаторы час мяне не чапалі, а потым зноў пастаянныя парушэнні і ШІЗА. На момант вызвалення я сядзеў у ШІЗА ўжо больш за 30 сутак. Начальнік калоніі прыходзіў і яшчэ 15 сутак дадаў і сказаў, што, магчыма, мяне адвезуць у Магілёў на «крытую» як «злоснага парушальніка».

Міхаіл адзначае нізкі ўзровень медыцынскай дапамогі ў калоніі:

«Я сам стараўся туды не хадзіць, бо дапамога ніякая. Знаёмы яксьці пайшоў вырываць зуб, дык яму медработніца малатком здаровы зуб выбіла. Без уколу — без нічога. Нават не вырывала! Заходзіш у медчастку, а там малаток і зубіла ляжаць. Кажа, калі не той зуб, дык выб’е іншы.

Калі чымсьці захварэеш, то там адна таблетка ад усяго. Я гіпертонік, таму мне там было цяжка. Падчас затрымання і катаванняў мне пашкодзілі зуб. Цяпер рабіў МРТ, а там косткі ўжо няма. За гэты час у зняволенні чатыры зубы вылецелі».

«Яму так стала блага, што ён упаў у бараку»

Былы палітвязень расказаў пра абставіны смерці асуджанага за донаты Вадзіма Храсько — ён стаў сведкам гэтага:

«У яго ўжо былі праблемы са здароўем. У студзені 2024 года ў яго была тэмпература і ён хадзіў у медчастку, але яго там не прымалі. Потым яму так стала блага, што ён упаў у бараку. Працаўнікі самі спалохаліся ўжо. Выклікалі кантралёра і медыцынскую работніцу. На насілках яго аднеслі ў медчастку, дзе ён адразу і памёр. Прыехала «хуткая» і забрала яго. Як потым казалі кантралёры, «ён згарэў за тры дні» — памёр ад запалення, як паказала ўскрыццё. Калі б у медчастцы яму зрабілі здымак і як-небудзь дапамаглі, гэтага б не было».

Мужчына адзначае, што да яго было прадузятае стаўленне не толькі з-за палітычнага артыкула, але і з-за нацыянальнасці:

«Мне атраднік проста казаў: «Я вас хахлоў ненавіжу». На кожным кроку спрабавалі прынізіць і ўразіць.

Але ў калоніі былі ўкраінцы не па палітычных артыкулах — да іх стаўленне было лепшае. Мне адразу сказалі: ты ж разумееш, што ты з жоўтай біркай — палітычны.

Некаторыя адносіліся нармальна, але проста казалі, што я павінен разумець, калі яны мне не выпішуць парушэнняў, то будуць караць іх. Казалі, што ў іх негалосны ўказ — больш парушэнняў і ШІЗА выпісваць палітычным, пазбаўляць пасылак, званкоў, спатканняў. Усяго, што ёсць, — пазбаўляць.

Палітвязню ў Беларусі ўсё забаронена. Да гвалтаўнікоў, забойцаў было стаўленне лепшае, чым да палітычных. Там вельмі цяжка палітычным».

«Павінен разумець, што я ў іх у закладніках»

Былы палітвязень расказвае, што псіхалагічна трымацца дапамагалі думкі пра вызваленне:

«Першымі часамі было цяжка. У 2023 годзе пачалі трохі адпускаць беларусаў па памілаванні. Была надзея, што і да мяне гэта калі-небудзь дойдзе. Таксама спадзяваўся, што мяне памяняюць. Гэтаю надзеяй і жыў.

Мяне следчы КДБ казаў, што я павінен разумець, што я ў іх у закладніках. Калі будзе трэба, тады цябе і адпусцяць. Можаш да канца тэрміну сядзець, а можаш і год паседзець. Ад цябе нічога не залежыць».

Вызвалілі Міхаіла 22 лістапада 2025 года — тады Украіна вярнула 31 грамадзяніна сваёй краіны. Палітвязня вызвалялі з ШІЗА, дзе ён утрымліваўся больш за 30 сутак:

«Каля 16-й гадзіны 21 лістапада да мяне прыйшлі кантралёры і сказалі забіраць рэчы і ісці за імі. Я спытаў куды, але мне сказалі не задаваць лішніх пытанняў. Потым мне сказалі ісці на барак, збіраць усе свае рэчы і ні з кім не размаўляць. Я так і зрабіў. Мяне адвялі ў пункт, як на этап, дзе поўнасцю абшманалі. У мяне забралі ўсе біркі і ўсе запісы. Ніхто нічога не казаў, куды мы едзем, толькі сказалі, што будзе спецэтап.

У той момант я нават не спадзяваўся, што паеду дадому, бо са мной было яшчэ тры чалавекі — яны былі не па палітычных артыкулах (махлярства і наркотыкі). Калі б са мной былі яшчэ палітычныя, то, можа, я зразумеў бы, што вызваляюць. Я ўжо падумаў, што, можа, у Расію вязуць.

А першай ночы прыйшоў старшы аператыўнік і сказаў, што прыехаў спецэтап. Сказалі апусціць галаву, нікуды не паварочвацца, надзелі кайданкі ззаду на рукі і мяшок на галаву. Нас пасадзілі ў мікрааўтобус. Я чуў, што так вызвалялі іншых, але гэта былі палітычныя. А са мной былі ўсе не палітычныя, таму ў мяне былі сумневы наконт таго, куды я еду. Нас везлі так усю ноч, ніхто з намі не размаўляў. Хтосьці спрабаваў паправіць мяшок на галаве, дык яго білі па дарозе.

У нейкім лесе нас вывелі ў туалет — таксама ў мяшках, толькі рукі наперад прыстагнулі. Так мы ехалі да паўдня. Потым нас перасадзілі ў іншы бус, дзе былі яшчэ людзі. Трошкі праехалі і нам сказалі, што нас вязуць да мяжы, што цяпер здымуць мяшкі і перададуць украінскаму боку. Калі пад’ехалі, дык яшчэ на беларускім баку знялі мяшкі, далі пакеты з бутэрбродамі і ваду — усю гэтую паказуху здымалі на відэа. Потым нас перасадзілі ў аўтобус і мы паехалі ва Украіну».

Калі пад’ехалі, дык яшчэ на беларускім баку знялі мяшкі, далі пакеты з бутэрбродамі і ваду — усю гэтую паказуху здымалі на відэа. Потым нас перасадзілі ў аўтобус і мы паехалі ва Украіну».

«Засынаеш на пару хвілін і прачынаешся»

Міхаіл кажа, што да затрымання не ведаў пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пра тыя масавыя рэпрэсіі, якія адбываюцца з 2020 года:

«Я нічога пра гэта не ведаў. Чуў пра пратэсты 2020 года, але мяне ў той час гэта асабліва не цікавіла. Не ведаю, наколькі гэта праўда, але кажуць, што нават не ўсе беларусы ведаюць і разумеюць, што ў іх адбываецца ў краіне. Пакуль каго-небудзь не закране, ніхто да канца не разумее.

Я б нікому не раіў ехаць у Беларусь. На месцы беларусаў, якія з’ехалі праз рэпрэсіі, я б нават не думаў вяртацца».

Былы палітвязень цяпер знаходзіцца дома з сям’ёй, але ўсё роўна працягвае сачыць за сітуацыяй з палітвязнямі Беларусі:

«У мяне ў зняволенні засталося шмат сяброў — усе яны палітычныя. Таму мне важна ведаць, ці выпусцілі каго-небудзь з іх або не. З родзічамі некаторых з іх я падтрымліваю сувязь».

Мужчына на волі ўжо амаль тры месяцы, але прызнаецца, што адаптацыя ідзе з цяжкасцю:

«Псіхалагічна складана. Не магу перабудавацца… Няма сну: больш не спіш, чым спіш. Засынаеш на пару хвілін і прачынаешся. Розныя думкі лезуць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках