24 лютага 2026, aўторак, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан увёў моўны экзамен для атрымання ВНЖ

6
Казахстан увёў моўны экзамен для атрымання ВНЖ

Давядзецца здаць экзамен па казахскай мове на ўзровень А1.

У Казахстане ўзмацнілі правілы выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне (РПП) і віду на жыхарства (ВНЖ). З 13 лютага ўлады будуць праводзіць ацэнку «іміграцыйнага патэнцыялу» замежнікаў, якія хочуць пасяліцца ў рэспубліцы. Для гэтага заяўніку давядзецца здаць экзамен па казахскай мове на ўзровень А1 (элементарны ўзровень). Тэст будзе праводзіцца дыстанцыйна і складацца з аўдыравання і чытання, на выкананне адведуць 70 хвілін. Неабходна набраць не менш як 30% правільных адказаў у кожным блоку. Пры гэтым дазваляецца пераздача, піша The Moscow Times.

Пасля паспяховай здачы экзамену заяўнік павінен будзе запоўніць анкету на партале migration.enbek.kz з указаннем узросту, адукацыі, валодання мовамі, вопыту працы і навучання, прафесійных кампетэнцый і стану здароўя. Аўтаматызаваная сістэма прааналізуе адказы і налічыць балы. Каб прайсці гэты этап, трэба набраць не менш за 400. Потым імігранта чакае міжведамасная праверка і суразмова. Пры гэтым заяўнік абавязаны прадставіць пісьмовую згоду дзяржавы грамадзянства на выезд на ПМЖ альбо «лісток выбытку» — у Расіі так называўся дакумент, што пацвярджаў зняцце з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства, але яго больш не выдаюць. Юрыст па міграцыйным праве Аляксандр Чычкоў адзначыў, што пакуль гэты пункт выклікае найбольш пытанняў, бо невядома, што менавіта маецца на ўвазе.

«Усіх хвалюе лісток выбытку. Ніхто не разумее, як ён будзе выглядаць, незразумела, у якіх краінах ён выдаецца, а ў якіх — не. Што гэта — дакумент аб зняцці з рэгістрацыі па месцы жыхарства ў краіне грамадзянства, пастаноўка на консульскі ўлік ці нешта іншае? Верагодна, увядзенне гэтага дакумента стане асноўнай складанасцю для тых, хто прэтэндуе на РПП», — сказаў эксперт, нагадаўшы, што без РПП немагчыма атрымаць грамадзянства Казахстана.

Уся пяціэтапная лічбавая ацэнка патэнцыйнага імігранта займае да 29 дзён і завяршаецца паведамленнем аб адпаведнасці патрабаванням. У выпадку атрымання станоўчага адказу замежнік можа падаваць заяву на РПП.

Чычкоў дадаў, што новыя правілы датычаць толькі тых, у каго яшчэ няма дазволу на пастаяннае пражыванне. Для падаўжэння ўжо выдадзеных ВНЖ праходзіць тэставанне не трэба. Таксама, паводле слоў юрыста, дадатковыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на ўдзельнікаў праграмы Digital Nomad Residence, якая прадугледжвае спецыяльны візавы рэжым для замежных ІТ-спецыялістаў, што жывуць у Казахстане і працуюць адтуль на замежныя кампаніі. Сярод іншых выключэнняў — непаўналетнія, інвестары і прадстаўнікі запатрабаваных прафесій.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках