«Такое адбываецца ўпершыню з пачатку вайны»
6- 24.02.2026, 13:27
- 8,316
Крэмль апынуўся ў крытычнай сітуацыі.
Расійская армія ўпершыню за ўвесь перыяд поўнамаштабнай вайны супраць Украіны апынулася ў сітуацыі, калі на працягу трох месяцаў запар яе страты пераўзыходзяць тэмпы папаўнення асабовага складу. Пра гэта паведамілі заходнія чыноўнікі ў чацвёртую гадавіну ўварвання, піша The Times.
Паводле ацэнак ваеннай разведкі, Расія штомесяц накіроўвае на ўсходні фронт прыкладна 30–35 тысяч мабілізаваных. Аднак апошнія тры месяцы страты стабільна пераўзыходзяць гэтыя лічбы. Адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў, каментуючы сітуацыю, назваў яе «крытычнай» для Крэмля і падкрэсліў, што такі дысбаланс можа прымусіць расійскія ўлады пашырыць прымусовую мабілізацыю.
Ён падкрэсліў, што гэта ўплывае не толькі на тактычныя магчымасці расійскіх войскаў, але і стварае ўнутрыпалітычныя рызыкі: паводле яго слоў, больш маштабная мабілізацыя можа мець «вялізныя палітычныя наступствы» для рэжыму.
Тлумачачы маштабы праблемы, чыноўнік дадаў:
«Гэта не першы выпадак, калі ўзровень страт пераўзыходзіць камплектаванне, але ўпершыню гэта працягваецца цягам трох месяцаў».
Аб'ёмы страт РФ і дамінаванне дронаў
Міністр узброеных сіл Вялікабрытаніі Эл Карнс заявіў, што агульныя страты Расіі — забітымі і параненымі — ужо дасягнулі 1,25 мільёна. Паводле яго слоў, гэта больш, чым ЗША страцілі за ўсю Другую сусветную вайну. Ён падкрэсліў, што сучаснае поле бою радыкальна змянілася: каля 87% расійскіх страт выкліканыя ўдарамі дронаў.
Карнс таксама адзначыў, што за чатыры гады вайны Украіна знішчыла больш за 4 тысячы расійскіх танкаў і каля 10 тысяч адзінак бранятэхнікі. Чарнаморскі флот РФ, паводле яго слоў, фактычна страціў баяздольнасць з-за удараў марскіх дронаў і ракет.
Для параўнання, паводле ацэнак, украінскія страты складаюць каля 600 тысяч вайскоўцаў з пачатку ўварвання.
Залужны: свет уступае ў новую эру вайны
Падчас выступу ў Chatham House пасол Украіны ў Вялікабрытаніі і былы галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Валерый Залужны падкрэсліў, што ўдары па энергетычнай інфраструктуры сталі «асноўным інструментам расійскай вайны», пакідаючы мільёны ўкраінцаў без святла і цяпла.
Ён папярэдзіў, што будучыя канфлікты будуць вызначацца «роямі аўтаномных дронаў», а лінія фронту ператвараецца ў «зону робатызаванага паражэння глыбінёй 25 км». Паводле яго слоў, традыцыйныя дарагія сістэмы ўзбраення паступова губляюць эфектыўнасць, а ядзерная зброя ўжо не з'яўляецца абсалютным стрымліваючым фактарам.