Чаму Лукашэнка накінуўся на ўрад Турчына
16- Алесь Гудыя
- 24.02.2026, 16:43
- 16,680
Расія выдыхаецца, канкурэнцыя на далёкіх рынках абвастраецца.
Прымаючы на мінулым тыдні даклад урада, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што многія паказчыкі знаходзяцца «ў чырвонай зоне». Адкуль пры, здавалася б, нядрэнных выніках такі песімізм? Традыцыйная чыноўніцкая хітрасць — пераносіць частку негатыўных наступстваў на наступны год, малюючы прыгожыя вынікі адыходзячага, — на гэты раз не спрацавала. Замест пахвалы за вынікі 2025 года ўрад Аляксандра Турчына атрымаў разнос за студзень 2026-га.
Верагодна, Лукашэнка вырашыў падстрахавацца, ужо на пачатку года заяўляючы, што чыноўнікі слаба стараюцца, самазаўпакоіліся. Тым часам бліжэйшыя саюзнікі самі ў вельмі складаным становішчы, таму трэба падвоіць намаганні.
Пэўная доля праўды ў гэтым ёсць: нягледзячы на леташні рост ВУП і павялічаныя заробкі, праблемы ў эканоміцы паглыбляюцца. Вось толькі пра тое, хто іх прычына, — як пра слана ў пакоі, на такіх нарадах традыцыйна не гавораць.
У выніку гэты пасыл чыноўнікам і дзяржбізнесу — не столькі папярэджанне, колькі спроба загадзя апраўдацца за будучыя правалы. А потым — ужо паводле звыклай схемы — пінаць «бездараў-чыноўнікаў», якіх, маўляў, яшчэ на пачатку года папярэджвалі.
Трывожны студзень: падзенне ВУП і структурныя праблемы
Свежыя ацэнкі Белстата пацвярджаюць, што 2026-ы пачаўся для беларускай эканомікі неважна. ВУП знізіўся на 1,2%. Шматлікія вядучыя сектары паказалі яшчэ большае скарачэнне:
Горназдабыўная прамысловасць: −1,4%
Водазабеспячэнне: −2,7%
Гандаль: −5,6%
Апрацоўчая прамысловасць: −7,6%
Будаўніцтва: −11,1%
Паводле даных кіраўніцы Белстата Інны Мядзведзевай, у 2025-м і пачатку 2026-га працягнуўся трэнд на зніжэнне канкурэнтаздольнасці: праз запаволенне выпуску тавараў і рост імпарту адмоўнае гандлёвае сальда краіны набліжаецца да 7 млрд долараў.
Імпарт расце хутчэй за экспарт, а многія беларускія прадпрыемствы сутыкаюцца з праблемамі збыту не толькі за мяжой, але і на ўнутраным рынку. Гатовая прадукцыя скапляецца на складах, выкананне дзяржаўных планаў імпартазамяшчэння фактычна правалена.
На гэтым фоне кадравы голад становіцца ўсё больш вострым. Колькасць занятых у эканоміцы, нягледзячы на рост у 2025 годзе, застаецца недастатковай, каб задаволіць попыт на працоўную сілу.
Гэта сур'ёзная праблема на фоне працяглай міграцыі і дэмаграфічнай ямы. Дэфіцыт працоўных рэсурсаў цісне на прадпрыемствы: расце канкурэнцыя за работнікаў. Улады спрабуюць пашыраць прапанову працы за кошт пенсіянераў і спрошчанага найму замежнікаў.
Аднак Беларусь як была, так і застаецца краінай, не надта прывабнай для знешняй працоўнай міграцыі — асабліва для кваліфікаваных спецыялістаў, у якіх беларуская эканоміка мае найбольшую патрэбу.
І нават нягледзячы на рост сярэдніх заробкаў за апошнія пяць гадоў у 1,7 раза ў валютным эквіваленце, Беларусь застаецца краінай з адносна нізкімі выдаткамі на працу. Гэта не толькі не дазваляе канкурыраваць за міграцыйныя плыні, але і ўзмацняе адток кваліфікаваных кадраў з краіны.
Пра прыцягненне назад беларусаў, якія выехалі, чыноўнікі аддаюць перавагу не гаварыць, баючыся рэакцыі сілавога блока.
Расія выдыхаецца, канкурэнцыя на далёкіх рынках абвастраецца
Ключавым негатыўным фактарам для беларускай эканомікі цяпер застаецца стан расійскай. ВУП Расіі ў 2025 годзе вырас усяго на 1%, прагнозы на 2026-ы — прыкладна такія ж.
Беларускія прадпрыемствы традыцыйна арыентаваныя на расійскі рынак, за апошнія гады гэта залежнасць узмацнілася, і пагаршэнне сітуацыі ў галоўнага гандлёвага партнёра пагражае ім сур'ёзным ударам. Экспарт у Расію скарачаецца, беларускім пастаўшчыкам усё складаней выжываць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з расійскімі вытворцамі.
Пры гэтым Беларусь не можа не адчуваць уплыву і больш шырокіх глабальных трэндаў. Усходнія рынкі — Кітай, Афрыка, Лацінская Амерыка — таксама становяцца ўсё больш канкурэнтнымі. У Еўропе на беларускіх вытворцаў глядзяць праз прызму санкцый і абмежаванняў, што звужае магчымасці для манеўру і дыверсіфікацыі.
У выніку Беларусь сёння развіваецца ў парадыгме, дзе ключавыя рычагі ўздзеяння на эканоміку — у выглядзе неспрыяльных знешніх фактараў — знаходзяцца па-за дасяжнасцю яе ўладаў. Рашэнні, якія вызначаюць умовы гульні, прымаюцца ў Маскве, Вашынгтоне або Бруселі.
Хто апынецца крайнім?
Беларускія ўлады, відавочна, ўсведамляюць усю складанасць сітуацыі. Аднак традыцыйная рэакцыя чыноўніцкай сістэмы ў такіх выпадках — зусім не пошук антыкрызісных рашэнняў. Звычайна пачынаюць загадзя шукаць вінаватых.
Аднак кадравая палітыка ў дачыненні да наменклатуры сёння сутыкаецца з тым жа выклікам, што і ўвесь беларускі рынак працы. Проста ўзяць і звольніць вышэйшых кіраўнікоў за правалы ў той ці іншай сферы — а затым спісаць на іх памылкі агульнага рэгулявання эканомікі — варыянт усё больш праблемны. Лава запасных у Лукашэнкі занадта кароткая. Апошнія навіны пра тое, як чыноўнікі самага высокага рангу прасілі аб адстаўцы і яе не атрымалі, гавораць самі за сябе.
Па сутнасці, цяпер гаворка ўжо не пра тое, як забяспечыць высокія паказчыкі эканомікі ў 2026 годзе, а пра маштабную падкавёрную гульню: як падрыхтаваць насельніцтва да таго, што давядзецца зацягваць паясы і забыць пра былы рост даходаў, — і на каго перавесці стрэлкі грамадскага незадавальнення.
І гэтая задача выглядае нялёгкай. Абвінавачваць Расію напрамую — за недастатковы аб'ём падтрымкі — нельга. Тлумачыць усё змовай Захаду, кознямі і санкцыямі, падаецца, ужо недастаткова пераканаўча нават для ўласнай прапаганды. А зрабіць казлом адпушчэння кагосьці з высокапастаўленых чыноўнікаў становіцца прыкметна цяжэй, чым раней.
Алесь Гудыя, «Позірк»