У Японіі адкрываецца школа, у якой усе выкладчыкі — анімэ-аватары
- 24.02.2026, 12:04
Паводле задумы аўтараў праекта, іхняя школа прыцягне ўвагу падлеткаў.
Напэўна, многія зацятыя фанаты японскай мультыплікацыі хоць раз уяўлялі сабе, як іх настаўнікі або калегі пераўвасобіліся ў персанажаў анімэ. Жыхарам краіны ўзыходзячага сонца нават не трэба ўключаць фантазію: яны могуць запісацца на ўрокі да «2D-педагогаў». Хутка ў Японіі пачне працаваць прыватная школа, у якой кожны выкладчык — ажылы герой мясцовых мультфільмаў, піша «Нож».
Незвычайны педсастаў з'явіцца ў токійскай анлайн-школе для падрыхтоўкі да школьных і ўніверсітэцкіх экзаменаў. Насамрэч яе выкладчыкі — не паўнавартасныя лічбавыя асобы, а звычайныя людзі, якія хаваюць свае сапраўдныя твары за анімаванымі аватарамі.
Анімэ-аватары будуць дапамагаць вучням паглыбляць веды ў галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, гісторыі і геаграфіі. Пакуль не ясна, ці будуць «персанажы» весці індывідуальныя заняткі або, хутчэй, аддадуць перавагу чытанню лекцый групам студэнтаў.
Паводле задумы аўтараў праекта, іхняя школа прыцягне ўвагу падлеткаў, якія адчуваюць парасацыяльную прывязанасць да герояў анімэ, мангі або да стрымероў. Крытыкі падыходу не ўпэўненыя, што вучні паставяцца да падобных заняткаў сур'ёзна.