Z-канал паведаміў пра паспяховы ўдар ЗСУ па расійскіх вайскоўцах на Куршчыні
5- 24.02.2026, 11:24
- 4,780
Зенітны полк, які абараняў пазіцыю, захапіўся святкаваннем 23 лютага.
Дронаўоды ЗСУ ўдала накрылі скупчэнне расійскіх акупантаў каля прыгранічнага хутара Алешня, што ў Курскай вобласці РФ. Войскі агрэсара панеслі цяжкія страты. Пра аперацыю 23 лютага паведаміў расійскі Z-рэсурс «Паўночны канал», звязаны з Узброенымі Сіламі РФ, перадае «Дыялог».
Паводле дадзеных Z-канала, удар быў нанесены раніцай у панядзелак. ЗСУ выкарысталі адзін беспілотнік. У выніку было ліквідавана 5 акупантаў.
«Алешня. Сёння раніцай заляцела “птушка” і спакойна адпрацавала некалькі разоў. Сумарна 5 хлопцаў “200-х”. Пасля гэтага таксама спакойна адляцела», — напісаў «Паўночны канал».
Ён удакладніў, што прыкрываць дадзеную пазіцыю павінен быў зенітны полк 106-й дывізіі ПДВ. Аднак яны захапіліся святкаваннем расійскага Дня абаронцы Айчыны.