Якія вакансіі бываюць у Антарктыдзе і колькі плацяць
7- 23.02.2026, 18:47
- 3,418
Станцыям патрэбныя работнікі самых розных спецыяльнасцяў.
Каб працаваць у Антарктыдзе, не абавязкова быць вучоным. Брытанскія і амерыканскія даследчыя станцыі штогод шукаюць самых розных работнікаў: электрыкаў, кухараў, сантэхнікаў, медыкаў, а часам і цырульнікаў. Галоўнае — гатоўнасць да холаду, ізаляцыі і экстрэмальнага працоўнага графіку.
Брытанская антарктычная служба набірае да 150 новых супрацоўнікаў у год. Каля 70% вакансій — гэта людзі, якія забяспечваюць працу станцый: ад прыгатавання ежы і рамонту абсталявання да медыцынскага абслугоўвання, паведамляе BBC.
Заробак пачынаецца ад 31 244 фунтаў стэрлінгаў у год (каля 42,2 тысячы долараў), супрацоўнікам аплачваюць пражыванне, харчаванне і снараджэнне для экстрэмальнага холаду.
Працоўны графік — сем дзён на тыдзень, а доступ да алкаголю і некаторых прадуктаў абмежаваны. Умовы, з якімі давядзецца сутыкнуцца работнікам: летам каля мінус 15 градусаў, а зімой тэмпература апускаецца да мінус 40.
Але не толькі холад і ізаляцыя ствараюць цяжкасці на станцыі, галоўная праблема для многіх — пастаянная блізкасць з калегамі і строгі распарадак. Паводле слоў Мар'елы Джанколы, HR-спецыялісткі ў Брытанскай антарктычнай службе, «некаторым людзям цяжка прызвычаіцца да таго, што асабістай прасторы амаль няма, а ўсе правілы строга рэгламентаваныя — гэта падобна да вяртання ва ўніверсітэт».
Аднак для людзей, якіх цягне да жыцця ў Антарктыдзе, такі стрэс звычайна не стварае вялікіх праблем. Псіхолагі называюць гэта «добрым стрэсам», які дапамагае раскрываць новыя навыкі і атрымліваць задавальненне ад экстрэмальных умоў.