Андрэй Войніч: У кнізе «Беларусь Наталлі Радзінай» шмат нязручнай праўды
1- 23.02.2026, 13:36
- 2,112
Менавіта яна злуе самазванцаў і саманазначэнцаў.
Былы палітвязень, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч у «Фэйсбуку» падзяліўся ўражаннямі ад прачытання кнігі вядомага амерыканскага гісторыка Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай. Журналістка супраць дыктатара»:
— Прачытоўшы кнігу, я ўбачыў у ёй маленькую, крохкую жанчыну са сталёвымі нервамі і такім жа характарам. Гэтая жанчына мэтанакіравана прайшла шлях да сваёй мары ідэйна, патрапіўшы ў надзейныя рукі добрых настаўнікаў, навучылася каваць сябе і ўсё ж выкавала. Дарэчы, гэта чалавек, які не спыняецца ні перад чым, таму яна працягвае працу над сабой і ідэяй вольнай Беларусі. Наўрад ці што-небудзь або хто-небудзь зможа яе спыніць.
Калі я чытаў пра тое, што перажыла Радзіна, то ўспамінаў, што перажыў сам за пяць гадоў палону, успамінаў пра ўсе бесчынствы, якія сволачы чынілі супраць нявінных людзей не толькі ў 2020 годзе, але і задоўга да тых падзей — пачынаючы з 1994 года. Беларусы стараюцца ўсё гэта забыць або не заўважаць, але гэта ёсць і было, і гэтае дзярмо рана ці позна закранае кожнага.
Кніга не пра Наталлю Радзіну, не пра яе гераізм, а менавіта пра Беларусь. Пра тое, як так атрымалася, што народ мае псеўдасвабоду, а маўчанне і замоўчванне з падменай паняццяў сталі нормай. І яшчэ гэтая кніга — пра барацьбу. Не пра барацьбу Радзінай з рэжымам, а пра барацьбу з дыктатарам за свабоду кожнага беларуса, пра тое, як непрыкметная для абывацеля камандная праца можа змяняць сітуацыю ў той час, як хтосьці па ўсіх кутах крычыць пра «свае» подзвігі і дасягненні.
Падчас чытання мяне хвалямі накрывалі ўспаміны і назапашаныя за ўсе гады злосць і гнеў. Я разумеў, што апускаць рукі нельга, трэба давесці справу да канца, інакш гэтае беззаконне не спыніцца, а будзе толькі нарастаць.
Радзіна — лідарка. Яна кажа нязручную праўду, і гэта злуе самазванцаў. А самазванцаў і саманазначэнцаў цяпер вельмі шмат, асабліва тых, хто прыйшоў на хвалі 2020 года. Людзі забываюць, што менавіта хлуста, балтуна і лісліўца яны калісьці абралі і цяпер воюць, пажынаючы плёны. На жаль, гісторыя паўтараецца. Але я веру, што сумленных і нармальных людзей больш, а праўда заўсёды знойдзе сабе шлях.

Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.