Губэрнатар Каліфорніі рэзка раскрытыкаваў Трампа
8- 23.02.2026, 10:03
- 5,898
Чыноўнік абвінаваціў прэзідэнта ЗША ў дзеяннях у асабістых інтарэсах.
Губэрнатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам рэзка раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з-за яго эканамічнай палітыкі і новых глабальных пошлін. Чыноўнік абвінаваціў Трампа ў дзеяннях у асабістых інтарэсах.
Пра гэта Ньюсам заявіў у інтэрв’ю CNN.
Паводле слоў губэрнатара, эканамічныя паказчыкі ЗША істотна пагоршыліся, калі Трамп прыйшоў да ўлады.
«Рост ВУП у мінулым квартале — усяго 1,4%, інфляцыя зноў паднялася да 3%. Найгоршы рынак працы з 2013 года. Па выніках года — 2,2% росту ВУП, тады як ён атрымаў эканоміку з паказчыкам 2,8%. Гэта прэзідэнцтва як шар-таран, што руйнуе эканоміку», — заявіў Ньюсам.
Ён таксама раскрытыкаваў эканамічную мадэль Трампа, назваўшы яе заснаванай на масавых дэпартацыях, падатковых льготах для мільярдэраў і тарыфнай палітыцы.
Асобна губэрнатар спыніўся на пошлінах, заявіўшы, што яны маюць асабістую выгаду для прэзідэнта ЗША.
«І, дарэчы, гэтыя пошліны — гэта аперацыя ў асабістых інтарэсах. Ідзе гаворка пра яго ўласны партфель. Вы цудоўна ведаеце, што ён зрабіў у В’етнаме з тарыфамі: выкарыстаў іх, каб выбіць выгадныя ўмовы для свайго гольф-клюбу і паскорыць рэалізацыю ўласнага дэвелаперскага праекта. Складзіце факты разам. Гэта беспрэцэдэнтная карупцыя, якая адбываецца прама цяпер, у прамым эфіры», — падкрэсліў Ньюсам.