23 лютага 2026, панядзелак, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расію чакае дэфолт

2
Расію чакае дэфолт

Успомніце гісторыю.

Ці будзе дэфолт у Расіі? Вядома, будзе. Уся гісторыя краіны — гэта гісторыя падману і адмов ад сваіх абавязкаў. Кідалі ўсіх. Часто кідалі саюзнікаў, але сваіх падманвалі практычна заўсёды. Не было ніводнага пакалення расіян, якое ўлада не падманула б. Гэта — нацыянальная скрэпа, на якой усё трымаецца.

Каб знайсці грошы на далучэнне Украіны падчас польскай кампаніі, цар Аляксей Міхайлавіч не прыдумаў нічога лепшага, як замяніць сярэбраныя рублі меднымі па намінальным курсе 1:1. З фунта медзі планавалася «нарэзаць» манет на 10 руб., у той час як яго рынкавы кошт складаў усяго 12 кап.

Уласных сярэбраных руднікоў у Расіі ў XVII стагоддзі не было, сярэбраныя манеты — ёахімсталеры (у прастамоўі — ёфімкі) атрымлівалі з Еўропы, а затым перачаканівалі ў рублі на Маскоўскім грашовым двары. У ходзе гэтай аперацыі вага манеты змяншалася, а дзяржава зарабляла каля 28%.

У канцы 1653 года пачалася бітва за Украіну — была абвешчана вайна Польшчы. Тэрмінова спатрэбіліся грошы. Бюджэт апынуўся на мяжы дэфолту. Было прынята рашэнне аб выпуску новых сярэбраных грошай. «Рублёвы ёфімак», выпушчаны ў 1654 годзе, быў лягчэйшы за папярэдні, даход ад перачаканкі вырас да 100%.

Першыя праекты пераходу да папяровых грошай з’явіліся ў час панавання Пятра III, але фактычна сталі рэалізоўвацца ўжо пры Кацярыне II. З 1769 па 1800 год грашовая маса ў асігнацыях вырасла з 2,5 млн да 213 млн руб. Гэта прывяло да абясцэнвання папяровых грошай — якая нечаканасць.

Да пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя ў Расіі дзярждоўг дасягнуў астранамічных значэнняў. Да траціны ўсіх выдаткаў бюджэту прыходзілася на ваенныя патрэбы. У гэтых умовах урад распрацаваў праект сялянскай рэформы, у выніку якой у пройгрышы засталіся і сяляне, і памешчыкі. Фінансавы выйгрыш дзяржавы склаў каля 700 млн руб.

У 1914 годзе перасталі плаціць даўгі прыватным інвестарам з Германіі. Маўляў, вайна.

У 1918 годзе савецкая ўлада анулявала абавязацельствы Расійскай імперыі. Замежныя трымальнікі валодалі паперамі прыблізна на 12,5 мільярда залатых рублёў. Адзін залаты рубель утрымліваў тады каля 0,77 г золата. Гэта амаль 1000 тон золата. Сённяшні кошт — каля паўтрыльёна долараў (гэта без працэнтаў). Мільёны людзей у Еўропе тады разарыліся. Практычна ўсе яны былі з краін–саюзнікаў: Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі. Але ўдвая большая сума прыпадала на ўнутраныя пазыкі.

А далей рабаванне краіны было пастаўлена на паток. Прымусовыя пазыкі — не менш за дзве-тры месячныя зарплаты штогод. У 1936 годзе ўлады СССР прымусова замянілі дзяржаблігацыі 8‑працэнтных пазыкаў на аблігацыі 3‑працэнтных пазыкаў, а пагашэнне адсунулі на 20 гадоў.

Ці будзе дэфолт у Расіі? Вядома, будзе

Выкачванне золата з галодных людзей праз разбойніцкую сістэму Торгсіна — гэта прынесла дзяржаве 287 млн залатых рублёў (у дзесяць разоў больш, чым разрабаванне сховішчаў Эрмітажа). Сума была супастаўная з выдаткамі на абсталяванне для дзесяці гігантаў сацыялістычнай прамысловасці: Горкаўскага аўтазавода (43,2 млн руб.), Сталінградскага трактарнага (35 млн руб.), аўтазавода імя Сталіна (27,9 млн руб.), Дняпрабуду (31 млн руб.), Дзяржпадшыпніка (22,5 млн руб.), Чэлябінскага трактарнага завода (23 млн руб.), Харкаўскага трактарнага завода (15,3 млн руб.), Магнітагорскага меткамбіната (44 млн руб.), Кузнецка (25,9 млн руб.) і Уралмаша (15 млн руб.)

Пасля вайны кінулі не толькі саюзнікаў з іх каласальнымі пастаўкамі па ленд-лізу, якія ўратавалі СССР ад немінучага разгрома. 11 мільярдаў долараў у цэнах 1940‑х — шалёныя грошы. Кінулі і сваіх.

Грашовая рэформа 1947 года была праведзена за адзін тыдзень. Наяўныя грошы насельніцтва абясцэньваліся ў 10 разоў. Кінулі і франтавікоў, адмяніўшы выплаты за баявыя ордэны. У пастанове Савміна паведамлялася: «Пры правядзенні грашовай рэформы патрабуюцца вядомыя ахвяры. Вялікую частку ахвяр дзяржава бярэ на сябе. Але трэба, каб частку ахвяр прыняло на сябе і насельніцтва, тым больш што гэта будзе АПОШНЯЯ АХВЯРА».

У 1957 годзе кінулі практычна ўсё насельніцтва краіны, якое трымала аблігацыі, — 65 пазыкаў. Хрушчоў прапанаваў «не выплачваць па аблігацыях, а няхай яны застаюцца на руках у трымальнікаў як знак іх укладу ў агульную справу будаўніцтва сацыялізму». Выплату па пазыках было вырашана адкласці на 20–25 гадоў. А там якраз абяцалі пабудаваць камунізм.

«Мы ставілі гэтыя пытанні перад рабочымі завода «Чырвонае Сармава» і не чулі ніводнага голасу супраць. Цяпер заставалася толькі паказаць фігу Захаду. Яны ж там не ўмеюць настолькі спрытна выбірацца з фінансавых праблем. Таварышы! Капіталісту, гэтаму таргашу, які роднага бацьку за паўпрацэнта заб’е, калі яму гэта выгадна, ніколі не зразумець душы нашага савецкага чалавека. Ён ніколі не паверыць, што вы добраахвотна на гэта ідзяце».

У 1961 годзе людзей яшчэ раз абрабавалі падчас грашовай рэформы. Савецкі афіцыёз падаваў рэформу як «павышэнне залатога ўтрымання і курса рубля». Нібыта гэта проста дэнамінацыя — замест 10 рублёў цяпер будзе адзін. Мы проста нулік прыбяром і ўсё. Але ўлада, як звычайна, хлусіла: афіцыйны курс рубля да долара быў павышаны не ў 10 разоў, як мяняліся грошы насельніцтва, а ў 4,44 раза. То-бок рэальная каштоўнасць грашовых зберажэнняў савецкіх людзей была зменшана амаль у 2,3 раза. Цэны на савецкіх рынках былі зніжаны па намінале таксама не ў 10 разоў, а прыкладна ў 5 разоў. То-бок на новыя грошы на рынку савецкі грамадзянін мог купіць цяпер у 2 разы менш.

Пра грашовую рэформу Паўлава, пра тое, як сотні мільярдаў рублёў згарэлі ў савецкіх людзей на ашчадкніжках, пра дэфолты 1991 і 1998 гадоў вы і самі ўсё ведаеце.

Ці будзе дэфолт у Расіі? Вядома, будзе.

Дзмітрый Чарнышоў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках