Далёкабойныя атакі ЗСУ сталі больш паспяховымі
- 22.02.2026, 23:25
- 1,776
Расіяне скардзяцца, што ўкраінцы нібыта перанялі іх уласную тактыку.
Украінскія ўдары па глыбокім расійскім тыле становяцца ўсё больш выніковымі. Не ў апошнюю чаргу гэта дасягаецца дзякуючы больш актыўнаму выкарыстанню Украінай фальшывых мэтаў для знясілення расійскай СПА. Пра гэта ў сваім тэлеграм-блогу піша ўкраінскі ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка.
Ён звярнуў увагу, што апошнім часам расійскія «ваенкоры» і іншыя калявайсковыя спікеры скардзяцца на прымяненне Украінай «расійскай жа тактыкі» дронаў-прынад. У выніку ў большасці выпадкаў на знішчэнне фальшывай мэты расіяне выдаткоўваюць значна больш дарагія зенітныя ракеты.
У прыватнасці, акупанты налічылі ўжо як мінімум тры разнавіднасці ўкраінскіх дронаў-прынад — «Майя», «Рубака» і «ХаКі-20».
Як адзначае Каваленка, вялікая колькасць фальшывых мэтаў у ўмовах, калі мабільныя агнявыя групы і разлікі зенітных комплексаў маюць абмежаваныя магчымасці для візуальнай ідэнтыфікацыі мэтаў, прыводзіць да перагрузкі і знясілення сродкаў СПА блізкага радыюсу дзеяння.
«Відавочна, што выніковасць удараў па тэрыторыі Расіі ў апошнія месяцы дасягнутая не толькі дзякуючы маштабаванню прымянення ўдарных дронаў і знясіленню расійскай СПА, але і актыўнаму выкарыстанню прынад», — дадае аналітык.