Зімовы план расіян адносна Украіны праваліўся
- 22.02.2026, 18:48
- 2,192
Украінцы выстаялі.
Наносячы ўдары па энергетыцы Украіны, краіна-агрэсар Расія спрабавала стварыць «татальны блэкаўт» і інфармацыйна падсілкаваць «паўстанне ўкраінцаў». Але планы ворага праваліліся, расійскія захопнікі сваіх мэтаў не дасягнулі.
Пра гэта ў нядзелю, 22 лютага, заявіў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) Андрэй Каваленка.
Ён адзначыў, што вораг не здолеў абрынуць энергасістэму Украіны дзякуючы намаганням энергетыкаў і дапамозе партнёраў.
Акрамя таго, праваліліся спробы расіян інфармацыйна стварыць «бурбалку рэвалюцыі».
«Частка іх ботаферм банальна блакавалася, таксама праца з насельніцтвам вялася 24/7, людзі выпускалі злосць, але ім тлумачылі рэальную сітуацыю. Той выпадак, калі праўда перамагае», — падкрэсліў Каваленка.
Ён дадаў, што гэта ўжо не першая падобная параза РФ.
Каваленка ўказаў, што падтрымка Украіны ў еўрапейскіх грамадствах застаецца стабільнай, нават у тых краінах, дзе прапаганда РФ асабліва актыўная.
Акрамя таго, вораг не здолеў пасеяць раскол унутры самой краіны.
«Можна казаць, што расіяне прайграюць інфармацыйную вайну, на якую штогод трацяць мільярды», — падсумаваў кіраўнік ЦПД.
Ён адзначыў, што сваімі дзеяннямі вораг не дасягнуў ніякай стратэгічнай перавагі.
«Наадварот, яны прайгралі наратыў пра „пераслед ва Украіне вернікаў“ на Захадзе, хоць і працягваюць за яго змагацца, яны прайгралі тэму выкрадання дзяцей, прайгралі гісторыю з абвінавачваннем Украіны ў нежаданні міру, прайгралі дыскрэдытацыю падтрымкі Украіны ў Еўропе, урэшце выбары ў Малдове яны таксама прайгралі. І яшчэ нямала іншых трэкаў», — акцэнтаваў Каваленка.
І гэта, адзначыў ён, маючы велізарную перавагу ў рэсурсах.