У ЗША загаварылі пра магчымую сустрэчу Зяленскага і Пуціна
7- 22.02.2026, 11:05
- 1,920
Інфармацыю агучыў Уіткофф.
У ЗША заявілі, што маюць «добрыя навіны» адносна перамоваў аб заканчэнні расійска-украінскай вайны. Там анансавалі магчымую сустрэчу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.
Сустрэча нібыта магчымая «ў найбліжэйшыя тры тыдні», да яе можа далучыцца і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра гэта ў інтэрв’ю Fox News паведаміў спецпасланнік Трампа Стыў Уіткофф.
Уіткофф анансаваў сустрэчу Зяленскага з Пуціным
Паводле слоў Уіткоффа, сустрэча Зяленскага з Пуціным можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя тры тыдні. Ён не выключае, што да іх далучыцца і прэзідэнт ЗША.
Спецпасланнік Трампа назваў расійска-украінскую вайну «бессэнсоўнай». Яе прычыны ён бачыць у «спрэчцы за тэрыторыі», у якой Украіна і РФ не могуць знайсці «кансэнсус».
«Мы з Джарэдам (Кушнерам, зяцем Трампа. – Рэд.) спадзяёмся, што прапановы, якія мы вынеслі на стол, аб’яднаюць бакі ў найбліжэйшыя тры тыдні і, магчыма, прывядуць да саміту паміж Зяленскім і Пуціным. Магчыма, гэта будзе трохбаковая сустрэча з удзелам прэзідэнта (Трампа. – Рэд.). Паглядзім», – сказаў Уіткофф.
Ён таксама падкрэсліў, што Трамп не хоча сустракацца, калі разумее, што сустрэча не прынясе ніякага выніку.
«Ён мае ўнікальную здольнасць гэта зрабіць. Спадзяюся, у найбліжэйшыя тыдні вы пачуеце добрыя навіны», – падкрэсліў ён.
Таксама Уіткофф паскардзіўся, што яго крытыкавалі за шматлікія сустрэчы з Пуціным. А ён, маўляў, толькі спрабаваў «добра зразумець пазіцыю другога боку». Для гэтага яму давялося злятаць у Маскву ўжо восем разоў.