Барыс Джонсан: Захад павінен неадкладна накіраваць войскі ва Украіну
2- 21.02.2026, 21:33
- 1,724
Былы брытанскі прэм’ер упэўнены, што не трэба чакаць заканчэння вайны, каб накіраваць заходні кантынгент.
Калі Вялікабрытанія і яе саюзнікі плануюць разгарнуць свае войскі ва Украіне пасля вайны для стрымлівання новай расійскай агрэсіі, то рацыянальней накіраваць іх проста цяпер.
Пра гэта ў інтэрв’ю BBC (пераклад — «УНІАН») заявіў былы брытанскі прэм’ер Барыс Джонсан.
У размове з журналістамі Джонсан раскрытыкаваў Захад за нежаданне караць Расію за анексію Крыму і нярэшучасць заходніх лідараў у падтрымцы Украіны ўжо падчас поўнамаштабнай фазы вайны.
На думку Джонсана, тая асцярожнасць, з якой Захад павялічваў пастаўкі зброі ва Украіну, была аплачаная чалавечымі жыццямі.
У гэтым кантэксце былы кіраўнік брытанскага ўрада заклікаў не чакаць мірнай дамовы, каб накіраваць кантынгент стрымлівання ва Украіну. Ён прапануе накіраваць войскі цяпер, каб паскорыць заключэнне такой дамовы.
- Калі мы плануем размясціць войскі на месцы пасля вайны, пасля таго як Пуцін пагодзіцца на перамір’е, дык чаму б не зрабіць гэта цяпер? Каб гэтыя людзі не былі задзейнічаныя ў баявых дзеяннях. Я не бачу лагічнай прычыны, чаму мы не павінны накіраваць туды мірныя сухапутныя войскі (peaceful ground forces), каб прадэманстраваць нашу падтрымку, нашу канстытуцыйную падтрымку свабоднай, незалежнай Украіны, – заявіў Джонсан.