Адна з краін ЕС гатовая ўзмацніць правілы атрымання віду на жыхарства для беларусаў
3- 21.02.2026, 20:14
- 3,758
Пра гэта заявіў яе кіраўнік МУС.
Міністэрства ўнутраных спраў Эстоніі гатовае перагледзець практыку выдачы часовых відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расіі і пры неабходнасці ўзмацніць патрабаванні.
Пра гэта заявіў кіраўнік МУС Ігар Таро у адказ на запыт дэпутаткі Еўрапарламента Яны Тоом, піша мясцовае выданне err.ee.
У сваім запыце дэпутатка цікавілася, як асобы з «няясным мінулым» (цытата Ігара Таро ад 29 студзеня) атрымалі права на часовае пражыванне з улікам запланаваных заканадаўчых зменаў, якія абмяжуюць магчымасць набыцця нерухомасці для грамадзян Беларусі і Расіі без доўгатэрміновага віду на жыхарства.
Ігар Таро падкрэсліў, што рашэнні аб выдачы часовага віду на жыхарства прымаюцца строга ў адпаведнасці з законам, з праверкай усіх умоў і адсутнасці падстаў для адмовы. Пры гэтым ён адзначыў, што згодна з міжнародным правам дзяржава мае права самастойна вырашаць пытанні ўезду, знаходжання і высылкі замежнікаў. Разгляд заявы не азначае аўтаматычнай выдачы дазволу — кожнае рашэнне мае дыскрэцыйны характар.
Міністр таксама заявіў пра гатоўнасць перагледзець дзеючыя крытэрыі. «На падставе вашага запыту мы прааналізуем крытэрыі і практыку прадастаўлення часовых відаў на жыхарства грамадзянам Расіі і Беларусі і, пры неабходнасці, іх узмацнім», — паведаміў Таро.
У сваю чаргу Яна Тоом раскрытыкавала пазіцыю кіраўніка МУС. Яна заявіла, што ўпершыню сутыкаецца з сітуацыяй, калі міністр «буквальна не разумее, пра што яго пытаюць». Паводле яе слоў, менавіта Таро, а не яна, гаварыў пра «асобаў з няясным мінулым» і выступае за ўзмацненне правілаў. Тоом падкрэсліла, што ў прававой дзяржаве рызыкі павінны ацэньвацца індывідуальна, без стыгматызацыі цэлых груп насельніцтва. Дэпутатка паведаміла, што накіравала ў МУС новы, больш падрабязны запыт.