Украінцы перахапілі важнае паведамленне для Кадырава ад чачэнскага падраздзялення ў Беларусі
- 21.02.2026, 13:44
- 8,504
Ішлося пра «наступ на Кіеў».
Украінскія памежнікі на другім тыдні лютага перахапілі важнае паведамленне ад камандзіра чачэнскага падраздзялення, дыслакаванага ў Беларусі, да Рамзана Кадырава. У ім камандзір далажыў, што ягонае падраздзяленне ўжо на месцы і неўзабаве будзе ў Кіеве, піша The Guardian.
Аднак гэты сігнал не пераканаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага у непазбежнасці паўнамаштабнага ўварвання. Паводле звестак крыніц выдання, украінскі лідар арыентаваўся на ацэнкі свайго бліжэйшага дарадцы Андрэя Ярмака.
Паводле інфармаваных суразмоўцаў, большасць вышэйшага камандавання, уключаючы тагачаснага галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага, толькі рыхтавалі сцэнары магчымага нападу, аднак без санкцыі зверху любыя маштабныя перамяшчэнні войскаў заставаліся на паперы.
Ярмак пераконваў прэзідэнта Украіны, што нарошчванне войскаў Расіяй з'яўляецца элементам гібрыднага ціску і не перарасце ў маштабнае ўварванне. Гэтая пазіцыя фактычна спыніла прэвентыўнае рэагаванне ўкраінскага боку, хоць разведка прадастаўляла канкрэтныя сігналы пагрозы.
«Ярмак быў адным з нямногіх украінскіх чыноўнікаў, якія рэгулярна кантактавалі з расійскімі калегамі. Ён часта размаўляў з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Пуціна Дзмітрыем Казаком у рамках працяглых перамоваў па Данбасе, якія зайшлі ў тупік. Калі Казак і дапамог пераканаць Ярмака, што паніка наконт уварвання, пра якое папярэджвалі ЗША, была абсурднай, дык, хутчэй за ўсё, ён сам так лічыў», — піша выданне.
Паводле крыніц, нават у Крамлі большасць высокапастаўленых чыноўнікаў не ведалі дэталяў планаў Пуціна; у няведанні былі і міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў і спікер Крамля
Уварванне РФ ва Ўкраіну прадбачылі — што вядома
У тым жа матэрыяле адзначаецца, што ў лістападзе 2021 года дырэктар ЦРУ Уільям Бернс праехаў паўсвету, каб пагаварыць з Уладзімірам Пуціным, але ў выніку яму давялося задаволіцца тэлефоннай размовай. Амерыканскія спецслужбы на працягу папярэдніх тыдняў атрымлівалі сігналы пра тое, што Пуцін можа планаваць уварванне ва Украіну.
Выданне паведаміла, што тагачасны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн накіраваў Бернса, каб той папярэдзіў кіраўніка Крамля пра катастрафічныя эканамічныя і палітычныя наступствы такога кроку.
Таксама адзначаецца, што Зяленскі ў дзень расійскага паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года тэлефанаваў былому прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Барысу Джонсану з просьбай патэлефанаваць кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну і пераканаць спыніць вайну.