Рэжым Лукашэнкі дабіў вёску, якую не здолеў знішчыць Гітлер
11- 21.02.2026, 10:34
- 4,490
Населены пункт у Віцебскай вобласці «скасавалі».
У Лёзненскім раёне вырашылі скасаваць вёску Бель. Такое рашэнне раённага «савета дэпутатаў» афіцыйна апублікавалі 21 лютага, піша «Зеркало».
«Скасаванне сельскага населенага пункта звязана з тым, што ў дадзеным населеным пункце на дадзены момант адсутнічаюць капітальныя збудаванні і прадастаўленыя зямельныя ўчасткі», — паведамлялі ў райвыканкаме.
Да скасавання вёскі «вывучалася меркаванне грамадзян па дадзеным пытанні». У выніку ўлады не атрымалі ніякіх прапаноў.
У 1999 годзе ў вёсцы жыў адзін чалавек, а ў 2019 годзе ўжо не было нікога.
Як пісаў рэсурс Orsha.eu, Бель уключана ў спіс «адроджаных вёсак». Гэта населеныя пункты, знішчаныя акупантамі падчас вайны і адроджаныя зноў пасля яе заканчэння. Назвы гэтых вёсак увекавечаныя на галінах сімвалічных Дрэваў жыцця, размешчаных на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ў Хатыні.