20 лютага 2026, Пятніца, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байцы СБУ устанавілі рэкорд далёкасці паражэння

Байцы СБУ устанавілі рэкорд далёкасці паражэння

Выбухі сталі яшчэ больш інтэнсіўнымі.

У сучаснай інфармацыйнай прасторы важна вылучаць ключавыя навіны. Рэперныя кропкі. Вызначыўшы іх, значна лягчэй зразумець агульную карціну. Аднымі з такіх рэперных кропак цяперашняга этапу вайны сталі новыя атакі дронаў СБУ па аб’ектах у глыбокім тыле расіян. Цяпер «бавоўна» стала яшчэ больш інтэнсіўнай, а адлегласць, на якую б’юць дроны Службы бяспекі, усё павялічваецца.

Давайце паглядзім на апошнія ўдары. Падрыў НПЗ у Ухце. Гэта, на хвіліначку, Рэспубліка Комі, рэкорд па далёкасці паражэння за ўсю вайну — 1700 км! Наступны ўдар — хімзавод у Пермскім краі. 1600 км ад Украіны! Завод, што працаваў на расійскі ВПК і быў ключавым звяном у вытворчасці выбухоўкі, знаходзіўся пад міжнароднымі санкцыямі. Але санкцыі ад СБУ зноў аказаліся больш дзейснымі. А ўзнагарода «самы вялікі пажар тыдня» гэтым разам паедзе ў Пскоўскую вобласць. Тут дроны службы ўдала атакавалі вялікую нафтабазу: чатыры магутныя выбухі, і ніякія антыдронавыя сеткі не дапамаглі.

З ваенна-тэхнічнага пункту гледжання гэтыя аперацыі сведчаць пра рост далёкасці і дакладнасці дронаў службы. Мова не толькі пра сам факт дасягнення мэты, але і пра здольнасць абыходзіць шматслаёвую сістэму СПА, якая прыкрывае стратэгічныя аб’екты ў глыбіні ворага. Звярніце ўвагу і на рознанакіраванасць выбару мэт. Усе гэтыя паражэнні не толькі ствараюць праблемы для ВПК, але і дэманструюць, што ніводзін расійскі рэгіён не можа адчуваць сябе цалкам абароненым.

Акрамя таго, такія ўдары з’яўляюцца часткай кампаніі па знясіленні эканамічнага патэнцыялу праціўніка. Украіна не можа сімметрычна адказваць на масіраваныя ракетныя абстрэлы, аднак здольная асіметрычна ўплываць на крытычную інфраструктуру Масковіі. Мэта — не толькі фізічнае знішчэнне аб’ектаў, але і пастаяннае прымушэнне Расіі траціць рэсурсы на ахову глыбокага тылу, павялічваючы бюджэтныя выдаткі на бяспеку. Гэта ўсё павялічвае кошт вайны для Крамля.

У цэлым атакі на хімзавод у Пермскім краі, НПЗ у Ухце і нафтабазу ў Пскоўскай вобласці дэманструюць працяг сістэмнага ціску на энергетычную і прамысловую інфраструктуру Расіі. Гэта стратэгія доўгатэрміновага знясілення, якая аб’ядноўвае ваенны, эканамічны і псіхалагічны эфекты і фармуе новую якасць вайны, у тым ліку і на вялікай адлегласці.

Прыкметна, што на новы ўзровень інтэнсіўнасці удараў служба выйшла пад кіраўніцтвам Яўгена Хмары. Баявога генерала, які доўгі час якраз і ўзначальваў Цэнтр спецыяльных аперацый «А». Менавіта Хмара быў адным з тых, хто раней прыклаўся да распрацоўкі многіх аперацый супраць расіян, а цяпер удала маштабуе гэтую працу на новай пасадзе.

Аляксандр Чарненка, censor.net

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках