У Расіі пачалося масавае закрыццё банкаўскіх аддзяленняў
1- 20.02.2026, 9:58
- 4,262
Украінская выведка даведалася падрабязнасці.
У Расіі ў 2025 годзе закрыліся амаль 1700 банкаўскіх аддзяленняў, што ў 3,6 раза больш, чым у 2024 годзе. У 2026 годзе гэтая тэндэнцыя працягнецца, паведамляе Служба знешняй выведкі Украіны.
Паводле звестак Службы знешняй выведкі Украіны (СЗВ), на пачатку 2026 года расійскія банкі мелі 22 300 аддзяленняў. У сувязі са структурнымі праблемамі ў эканоміцы расійскія фінустановы вымушаныя працягваць скарачаць колькасць сваіх прадстаўніцтваў.
Гэты працэс тлумачаць «лічбавізацыяй і пераходам персаналу на дыстанцыйную працу». Найбольш адчувальна структурныя праблемы закранулі Сбербанк РФ. У 2025 годзе ён закрыў больш за 900 аддзяленняў. Гэта ўдвая больш, чым у 2024 годзе.
Перш за ўсё пад удар трапляюць банкаўскія аддзяленні ў невялікіх населеных пунктах, што негатыўна адбіваецца на мясцовай эканоміцы. СЗВ нагадала, што падобная сітуацыя ў Расіі з вялікай колькасцю закрыццяў банкаўскіх аддзяленняў назіралася ў 2021 годзе падчас эпідэміі каранавіруса. Тады банкі былі вымушаныя абмежаваць працу з насельніцтвам з-за каранціну.
Трэба адзначыць, што ў 2025 годзе банкаўская сістэма Расіі страціла галоўныя прыкметы ўстойлівасці, што сведчыць пра пачатак банкаўскага крызісу. У мінулым годзе чысты прыбытак расійскіх банкаў скараціўся на 8% у параўнанні з 2024 годам — да 45 млрд долараў.
Пры гэтым рэнтабельнасць уласнага капіталу расійскіх фінустаноў упала да 18%. У 2025 годзе доля праблемных крэдытаў банкаў Расіі павялічылася да 11%, а па крэдытах, якія нічым не забяспечаныя, — да 12%. Гэта ўказвае на пагаршэнне якасці крэдытнага партфеля.