The Economist: Пуцін у пастцы
- 20.02.2026, 3:22
- 2,830
Працяг вайны стаў для яго безальтэрнатыўным.
Расійскі дыктатар трапіў у пастку ўласных амбіцый ва Украіне. Ён не можа працягваць вайну з-за знясілення расійскай эканомікі, але не можа пагадзіцца на мір, не атрымаўшы хаця б чагосьці, што можна будзе назваць перамогай. Пра гэта піша The Economist.
«Шмат хто чакае, што мірныя перамовы дадуць яму выйсце, паколькі прэзідэнт Дональд Трамп прымусіць Украіну саступіць тэрыторыю. Насамрэч гэты шлях становіцца менш верагодным. І нават калі мірная дамова будзе заключаная, наступствы ўнутры Расіі будуць пагражаць эканамічнай і палітычнай нестабільнасцю, разбурыўшы планы спадара Пуціна быць залічаным да найвялікшых цароў гісторыі», — гаворыцца ў публікацыі.
Выданне адзначае, што Расія за чатыры гады дасягнула мізэрных тэрытарыяльных заваяванняў ва Украіне, калі параўноўваць з ваеннымі дасягненнямі СССР у Другой сусветнай вайне. І сітуацыя на фронце не дае падстаў чакаць, што тут нешта прынцыпова зменіцца. Расія не можа ў поўнай меры скарыстацца сваёй колькаснай перавагай, таму што дроны зрабілі немагчымай канцэнтрацыю сіл на вузкім участку фронту для яго прарыву.
Пры гэтым Расія нясе цяжкія страты, якія ў апошнія месяцы пачалі перавышаць колькасць навабранцаў. Пры адсутнасці класічнай мабілізацыі Расія вымушаная купляць рэкрутаў за вельмі вялікія грошы, бо «усе ідэйныя ўжо даўно скончыліся». І ўсё гэта — на фоне нарастаючых праблем у эканоміцы, падзення даходаў ад нафты і павелічэння дзяржаўнага доўгу.