Наталля Радзіна: На волю выйшаў сапраўдны лідар беларускай апазіцыі
1- 19.02.2026, 23:48
- 1,014
Мікалай Статкевіч адстаяў сваё рашэнне застацца ў Беларусі.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў «Фэйсбуку» пракаментавала выхад на волю лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча:
— На волю выйшаў сапраўдны лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч. Ён адмовіўся з'язджаць з Беларусі падчас дэпартацыі палітвязняў у верасні 2025 года. Але палітыка вызвалілі толькі цяпер і пасля таго, як у турме ў яго здарыўся інсульт. Статкевіч пакуль з цяжкасцю гаворыць, патрэбна сур'ёзнае лячэнне і рэабілітацыя.
Сукі. Няма слоў. І за гэта з іх здымаць санкцыі?!
Сёння, 19 лютага, жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла ў «Фэйсбуку», што лідар беларускай апазіцыі знаходзіцца дома.

«Дарагія сябры! Мікалай дома! У яго быў інсульт. Зараз ён аднаўляецца. Пакуль ёсць праблемы з маўленнем. У астатнім усё нармальна. Усё будзе добра», — піша Марына Адамовіч.
Нагадаем, 11 верасня рэжым Лукашэнкі вызваліў і выдворыў з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Некаторы час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым кірунку вывезлі людзі ў масках. Доўгі час было невядома, дзе ён знаходзіцца.
У 2021 годзе Мікалая Статкевіча асудзілі да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».
З пачатку ліпеня 2022 года, з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, лідара беларускай апазіцыі ўтрымлівалі ў максімальна жорсткіх умовах: трымалі ў адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікалай Статкевіч некалькі разоў перахварэў на COVID-19.