Андрэй Саннікаў: Мікалай Статкевіч зрабіў падарунак для ўсіх беларусаў
- 19.02.2026, 21:04
- 4,082
Лідар апазіцыі прымусіў лукашэнкаўцаў падпарадкавацца сваёй волі.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў пракаментаваў вызваленне лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Сёння, 19 лютага, стала вядома, што былы палітвязень перанёс інсульт і знаходзіцца на волі.
«Дарагі Мікола, Ты сёння зрабіў падарунак для ўсіх беларусаў. Ты выйшаў на волю. Менавіта так: ты выйшаў, а не цябе выпусцілі. Ты зрабіў неверагоднае: прымусіў усю самазадаволеную калгасную хеўру катаў і падонкаў падпарадкавацца сваёй волі. Сёння для нас ты «зрабіў дзень», а сваім гераізмам, нязломнай верай у Беларусь, сваім прыкладам шляхетных паводзін ствараеш яе і нашу будучыню. Дзякуй цябе вялікі за прывітанне, якое мне перадаў Дзмітры Бандарэнка. Мяне гэта вельмі расчуліла. Аднаўляйся, займіся здароўем і ведай, што ты заўсёды можаш разлічваць на нашу каманду, таму што гэта твая каманда. Слава герою!» — напісаў Андрэй Саннікаў.