Мікалай Статкевіч — на волі ў Мінску
31- 19.02.2026, 18:29
- 20,160
(Абноўлена) Ён перанёс інсульт.
Жонка лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла ў «Фэйсбуку», што палітвязень выйшаў на волю. Палітык перанёс інсульт, і ў яго праблемы з маўленнем.
«Дарагія сябры! Мікалай дома! У яго быў інсульт. Цяпер ён аднаўляецца. Пакуль ёсць праблемы з маўленнем. У астатнім усё нармальна. Усё будзе добра», — піша Марына Адамовіч.
Нагадаем, 11 верасня рэжым Лукашэнкі вызваліў і дэпартаваў з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Пэўны час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым напрамку вывезлі людзі ў масках. Доўгі час было невядома, дзе ён знаходзіцца.

У 2021 годзе Мікалая Статкевіча асудзілі да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».
З пачатку ліпеня 2022 года, з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, лідара беларускай апазіцыі ўтрымлівалі ў максімальна жорсткіх умовах: трымалі ў адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікалай Статкевіч некалькі разоў перахварэў на COVID-19.