Кіраўнік МЗС Рыжанкоў не паляціць на Савет міру ў Вашынгтон
13- 19.02.2026, 18:03
- 4,628
Ён «перадумаў» услед за Лукашэнкам.
Міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова не будзе ў Вашынгтоне на Савеце міру 19 лютага. Пра гэта са спасылкай на афіцыйныя амерыканскія крыніцы паведамляе «Радыё Свабода».
Раней у прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што дыктатару паступіла запрашэнне на першае пасяджэнне «Савета міру», аднак той адмовіўся ад удзелу, спаслаўшыся на занятасць.
Замест Лукашэнкі на мерапрыемстве нашу краіну павінен быў прадставіць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
16 лютага на сустрэчы з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазьевым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь мае намер удзельнічаць у дзейнасці «Савета міру» і яго мерапрыемствах на ўзроўні «кіраўніка дзяржавы».
— Можа, не ў Вашынгтоне. Дзесьці ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, магчыма, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі, адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага Савета. Мы будзем удзельнічаць у ім, — удакладніў ён.