Экс-міністру сельскай гаспадаркі Беларусі інкрымінуюць хабар на $1,5 мільёна
6- 19.02.2026, 17:03
- 3,450
Лукашысц мае дачыненне да махінацый пры продажы малочнай прадукцыі ў Расію.
Экс-міністру сельскай гаспадаркі, які затрыманы ў справе прадпрыемства «Бабуліна крынка», інкрымінуецца хабар у памеры 1,5 млн долараў, паведаміў намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук на прэс-канферэнцыі 19 лютага.
Стук не назваў прозвішча фігуранта, аднак гаворка пра Ігара Брыло, які ўзначальваў ведамства менш за паўтара года, з лютага 2022-га па ліпень 2023-га.
Таксама цяпер расследуецца справа аб карупцыі, памер хабара па якой складае 600 тыс. долараў, адзначыў Стук.
У 2025 годзе колькасць карупцыйных злачынстваў скарацілася на 16%, паведаміў намеснік генпракурора. У мінулым годзе выяўлена 843 карупцыйныя злачынствы, з іх найбольшую долю займаюць атрыманне хабараў (384), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (245) і перавышэнне ўладных паўнамоцтваў (105).
«Устаноўлена 776 асоб, якія здзейснілі карупцыйныя злачынствы. Найбольш схільныя да карупцыі сферы прамысловасці (165 фактаў), сельскай гаспадаркі (178), будаўніцтва (78) і транспарту (93)», — сказаў Стук.
У лістападзе 2023 года стала вядома, што 51-гадовы экс-міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло затрыманы па так званай «малочнай справе», звязанай з карупцыяй і махінацыямі пры продажы малака ў Расію.