Швецыя выдзеліць Украіне 1,2 мільярда еўра ваеннай дапамогі
2- 19.02.2026, 16:39
Асноўны акцэнт новага пакета зроблены на ўмацаванні супрацьпаветранай абароны.
Урад Швецыі ў чацвер, 19 лютага, ухваліў выдзяленне 21-га пакета ваеннай дапамогі Украіне коштам 12,9 млрд крон (1,2 млрд еўра).
Пра гэта абвясціў шведскі міністр абароны Пол Йонсон, перадае SVT.
Паводле слоў міністра, дапамога будзе засяроджаная на ўзмацненні супрацьпаветранай абароны Украіны.
Каля 400 млн еўра Швецыя выдзеліць на закуп і перадачу сістэмы Tridon Mk2. Гэта зенітна-ракетныя комплексы шведскай вытворчасці, якія асабліва эфектыўныя пры збіванні дронаў. У дадатак краіна перадасць сэнсары, робаты і зенітныя гарматы.
Яшчэ 524 мільёны еўра пойдуць на ўкраінскую вытворчасць далёкабойных ракет і беспілотнікаў.
Астатнія – больш за 280 млн еўра – будуць выкарыстаныя на гранатамёты з запасаў шведскай арміі, а таксама пойдуць на закуп артылерыйскіх снарадаў, запасных частак і на навучанне ўкраінскага асабовага складу.