19 лютага 2026, Чацвер, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін рыхтуе ўтоены прызыў на фоне шаленых страт

9
Пуцін рыхтуе ўтоены прызыў на фоне шаленых страт

Аналітыкі ISW даведаліся падрабязнасці.

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін стварае інфармацыйныя ўмовы для аднаўлення абмежаванага, паэтапнага прызыву рэзервістаў. Такім чынам РФ спрабуе кампенсаваць страты ў вайне супраць Украіны.

Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што пра падрыхтоўку да прызыву рэзервістаў сведчыць шэраг апошніх рашэнняў расійскіх улад.

Так, 18 лютага Дзярждума Расіі ў першым чытанні прыняла законапраект, які ўзмоцніць прэвентыўныя меры супраць «ўхілення ад абавязку абараняць Айчыну». Дакумент, імаверна, дасць Маскве магчымасць караць расіян, якія будуць крытыкаваць прызыў рэзервістаў.

Таксама Расія забараніла Telegram, што можа быць спробай абмежаваць крытыку ўрада.

ISW лічыць, што Пуцін хоча нармалізаваць абмежаваны, паэтапны прызыў для падтрымання колькасці акупацыйнай арміі, каб не праводзіць частковую мабілізацыю, як у 2022 годзе, у выніку якой з краіны выехалі да 900 тысяч расіян.

Абмежаваны прызыў будзе прызначаны для кампенсацыі страт войскаў РФ на фронце; яго мэтай не з'яўляецца ўзмацненне расійскіх войскаў дадатковымі сіламі.

Аналітыкі фіксуюць, што Крэмль стварае ўмовы для правядзення паэтапнага прымусовага прызыву рэзервістаў як мінімум з кастрычніка 2025 года, калі ўрад РФ дазволіў разгортваць рэзервістаў у экспедыцыйных місіях за межамі Расіі без афіцыйнага абвяшчэння мабілізацыі або ваеннага становішча.

У лістападзе Пуцін падпісаў указ, які дазваляе расійскім ваенкаматам праводзіць прызыў цягам усяго года. У снежні дыктатар ухваліў указ аб абавязковым прызыве рэзервістаў на «вайсковыя зборы» ў 2026 годзе, верагодна, каб патаемна прызваць свой стратэгічны рэзерв.

Аналітыкі адзначаюць, што Крэмль рыхтуецца да прымусовага прызыву абмежаванай колькасці рэзервістаў «з пазіцыі слабасці», каб кампенсаваць амаль поўнае вычарпанне сваёй дарагой сістэмы добраахвотнага набору ў 2026 годзе.

Такім чынам Пуцін працягвае шукаць баланс паміж «маслам і гарматамі» - неабходнасцю не дапусціць незадавальнення насельніцтва з-за маштабнай мабілізацыі, неабходнасцю падтрымліваць тэмп расійскага наступлення на фронце і неабходнасцю захаваць працоўную сілу як у грамадзянскім, так і ў абаронна-прамысловым комплексе.

Падрыхтоўка да абмежаванага прызыву з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што здольнасць Расіі вербаваць добраахвотнікаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне запавольваецца. Высокія чалавечыя, эканамічныя і сацыяльныя выдаткі вайны прымушаюць Крэмль ісці на цяжкі выбар.

У ISW адзначаюць, што намаганні Крамля па падрыхтоўцы расійскага грамадства да частковага прызыву рэзервістаў сведчаць, што Пуцін цяпер, у лютым 2026 года, праз чатыры гады пасля пачатку вайны, сутыкаецца з цяжкім выбарам.

Крэмль, верагодна, цісне на Украіну, каб яна неадкладна саступіла даўнім патрабаванням Расіі падчас мірных перамоў, каб забяспечыць свае ваенныя мэты без неабходнасці ісці на нязручныя ахвяры.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках