Серыя удараў накрыла ЦЭЦ у Белгарадзе
- 18.02.2026, 23:55
- 3,216
Расіяне шакаваныя ўбачаным.
Сілы абароны Украіны, відаць, нанеслі новыя адказныя ўдары па энергетычных аб'ектах ворага ў расійскім Белгарадзе. У сераду ўвечары ў сацсетках публікуюцца відэа, у якіх расіяне выказваюць шакаванне шэрагам прылётаў па мясцовай ЦЭЦ. Судзячы па вялікай колькасці нецэнзурнай лексікі ў гэтых роліках і вогненных успышках над згаданым аб'ектам, атака была паспяховай, піша «Дыялог».
У сацсетках актыўна пішуць, што пасля прылётаў у горадзе пачалі знікаць электраэнергія, ацяпленне і водазабеспячэнне. Таксама назіраюцца збоі ў працы інтэрнэту.
«Гучныя гукі і ўспышкі толькі што чулі і бачылі белгарадцы.
На поўначы горада знікае ацяпленне, а ў цэнтры горада — і ацяпленне, і вада.

У цэнтры няма інтэрнэту ад «Ростелеком». Пра адключэнне святла паведамляюць жыхары Дубовага, Майскага, Шагароўкі, Разумнага і часткова Харгоры», — паведамляюць у мясцовых пабліках.
Там таксама пішуць пра «электрычную дугу», якая ўтварылася пасля аднаго з удараў. Паводле папярэдняй інфармацыі, пад удар трапіла электрападстанцыя «Донец», размешчаная на тэрыторыі Белгародскай ЦЭЦ. Акрамя гэтага, паведамляецца пра атаку на электрападстанцыю «Белгород», у выніку чаго адбылося адключэнне электраэнергіі ў Белгародскім акрузе.
Пазней мясцовыя ўлады пацвердзілі атаку і паведамілі пра значныя пашкоджанні энергетычных аб'ектаў. Па словах белгародскага губернатара Вячаслава Гладкова, «ёсць частковая страта электраэнергіі і цяпла».
У Генштабе ЗСУ пакуль не каментавалі інфармацыю пра новыя ўдары па варожых мэтах на тэрыторыі Белгародскай вобласці.