18 лютага 2026, Серада, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пуціна знайшлі долю ў VK і дзяржаўным мэсэнджары Мах

4
У Пуціна знайшлі долю ў VK і дзяржаўным мэсэнджары Мах

Праз дваюраднага пляменніка кіраўніка Крамля Міхаіла Шэломава.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін можа валодаць доляй у нацыянальным мэсэнджары Мах праз свайго дваюраднага пляменніка Міхаіла Шэломава.

На гэта звярнуў увагу журналіст-расследавальнік Андрэй Захараў, вывучыўшы справаздачнасць холдынгу VK, якому належыць дзяржаўны мэсэнджар.

У VK складаная структура ўласнасці, але ў апошнім справаздачанні гаворыцца, што сярод акцыянераў ёсць страховая кампанія «Согаз». Да вайны ва Украіне Шэломаву належала 12,47% гэтай кампаніі. Гэта доля была запісаная на яго пецярбургскую фірму «Акцепт». Пасля пачатку поўнамаштабных баявых дзеянняў спіс акцыянераў «Согаза» быў схаваны, але ў бухгалтарскім балансе «Акцепта» акцыі кампаніі працягваюць адлюстроўвацца. Такім чынам, Шэломаў ускосна валодае доляй у VK і Мах.

Міхаіл Шэломаў — сын дваюраднай сястры Пуціна па матчынай лініі. На пачатку 2000-х ён працаваў фатографам, але пасля прыходу Пуціна да ўлады на яго пачалі запісваць шматмільярдныя актывы, уключна з пакетамі акцый банка «Россия» і «Согаза». Як сцвярджае Захараў, Шэломаў вядзе сціплы лад жыцця: сам рамонтуе плот на дачы і працуе на шараговай пасадзе ў даччынай структуры банка «Россия» з заробкам каля 300 тыс. руб. у месяц. У тэлефоннай размове з Захаравым Шэломаў заявіў, што не мае «ніякага дачынення» да мэсэнджара Мах і паклаў слухаўку.

У чэрвені 2025 года Пуцін падпісаў закон аб стварэнні нацыянальнага мэсэнджара. Пасля гэтага расійскія ўлады пачалі выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс для прасоўвання Мах: у яго пераносяць школьныя і дамавыя чаты, перапіску чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных кампаній, а таксама інтэгруюць яго з сэрвісам «Госуслуги». Паралельна Раскамнагляд заблакаваў WhatsApp і пачаў абмяжоўваць працу Telegram.

Сам Пуцін называў з’яўленне Мах дасягненнем «поўнага лічбавага суверэнітэту». Пры гэтым, як заўважае Захараў, прэзідэнт асабіста будзе атрымліваць дывідэнды ад дзяржаўнага мэсэнджара праз свайго «намінала». Акрамя таго, на ім будуць зарабляць структуры яго сяброў, у тым ліку Юрыя Кавальчука. У выніку заяўлены суверэнітэт аказваецца інструментам узбагачэння і кантролю, які ператварае карыстальнікаў у «лічбавых прыгонных», зрабіў выснову журналіст-расследавальнік.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках