Залужны ўпершыню распавёў пра канфлікт з Зяленскім
4- 18.02.2026, 15:30
- 6,864
Фота: Reuters
Разнагалоссі датычыліся стратэгіі вядзення вайны.
Былы галоўнакамандуючы ЗСУ, пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны упершыню распавёў пра разнагалоссі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. У інтэрв’ю агенцтву Associated Press ён заявіў, што канфлікт паміж імі ўзнік неўзабаве пасля пачатку ўварвання Расіі і тычыўся стратэгіі вядзення вайны.
Паводле слоў Залужнага, адносіны дасягнулі крытычнай кропкі напрыканцы 2022 года, адразу пасля нарады ў штабе прэзідэнта. Тады супрацоўнікі СБУ правялі вобшук у будынку, дзе знаходзіўся яго камандны цэнтр. Экс-галоўнакамандуючы назваў гэтую падзею «актам запалохвання». Падчас вобшуку Залужны патэлефанаваў кіраўніку Офіса прэзідэнта і папярэдзіў пра гатоўнасць прыцягнуць вайскоўцаў для абароны каманднага цэнтра ЗСУ.
Што шукалі сілавікі, яму не паведамілі. Залужны тады звязаўся з кіраўніком СБУ Васілём Малюком, які заявіў, што не мае звестак пра аперацыю. Пазней Залужны выяўіў, што за два дні да рэйду спецслужба звярталася ў Кіеўскі суд па ордэр на вобшук па адрасе каманднага цэнтра. Паводле судовых матэрыялаў, ішлося пра памяшканне, дзе да вайны знаходзіўся закрыты стрыптыз-клуб. Экс-галоўнакамандуючы лічыць, што ордэр быў толькі падставай і спецслужбы не маглі зблытаць месца знаходжання галоўнага ваеннага штаба краіны. У Офісе прэзідэнта ад каментарыяў адмовіліся.
Спрэчкі таксама выклікала ўкраінскае контрнаступленне 2023 года. Залужны заявіў, што аперацыя правалілася таму, што Зяленскі і іншыя чыноўнікі «не выдзелілі неабходныя рэсурсы». Паводле яго слоў, план распрацоўваўся пры садзейнічанні партнёраў па НАТА і прадугледжваў канцэнтрацыю вялікіх сіл у «адным кулаку» для вызвалення часткі Запарожскай вобласці з АЭС і прасоўвання да Азоўскага мора. Гэта дазволіла б перарэзаць сухапутны калідор забеспячэння Крыма. Для поспеху патрабаваліся маштабная канцэнтрацыя сіл і тактычная нечаканасць. Аднак замест гэтага войскі былі рассеяныя па шырокай лініі фронту, што знізіла ўдарную моц. Контрнаступленне пазней падверглася крытыцы з боку ваенных экспертаў за празмерную амбіцыйнасць і позні пачатак, які дазволіў расійскім сілам умацаваць абарону.
Залужны таксама лічыць, што ключавая праблема ўкраінскай ваеннай стратэгіі палягае ў нерэалістычных чаканнях пры цяперашняй колькасці войскаў і несістэмным укараненні новых тэхналогій. Ён адзначыў, што пасля адстаўкі ў лютым 2024 года не ўдзельнічае ў прыняцці ваенных рашэнняў. Паводле яго слоў, пасля звальнення яны з Зяленскім сустракаліся двойчы, і абодва разы размовы былі «сяброўскімі».
Паводле апытанняў, Залужны застаецца адным з асноўных патэнцыйных супернікаў Зяленскага падчас магчымых прэзідэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных Ipsos, Залужнага падтрымалі б 23% апытаных супраць 20% у Зяленскага. Многія ўкраінцы ўспрымаюць яго як асобу, здольную змяніць сістэму, адзначае палітычны аналітык Уладзімір Фесенка: «Людзі будуць галасаваць не толькі за Залужнага, але і супраць Зяленскага — ускладаючы на яго адказнасць за правалы яго прэзідэнцтва».