Прэзентацыя кнігі «Беларусь Наталлі Радзінай» адбудзецца ў Беластоку
1- 18.02.2026, 13:16
27 лютага ў хабе «Новая Зямля» адбудуцца прэзентацыя і ўнікальная сустрэча.
У беларускім хабе «Новая Зямля» (ul. Św. Rocha 5 lok. 32) у Беластоку прадставяць новую кнігу вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара».
Прэзентацыя кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах адбудзецца 27 лютага, у пятніцу, а 18:00.
У сустрэчы возьмуць удзел беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя’97» Наталля Радзіна, трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні Аляксандра Герасіменя і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка.
Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, апісаная праз жыццё аднаго чалавека: беларускай журналісткі і палітыка Наталлі Радзінай, галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org).
Пасля прачытання гэтай кнігі чытач стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэстнага руху, што пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не сціхаюць дагэтуль, пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі паводле ўказання дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай акунецца ў яе турэмныя будні, адчуе радасць яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, апынецца сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валенса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Нявзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэдніх вякоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, вызваленай ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь; бяспека краіны ўрэшце можа быць забяспечаная толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і пакаранні смерцю апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў.
Прэзентацыя адбудзецца 27 лютага, у пятніцу, а 18:00
Адрас: Беласток, беларускі хаб «Новая Зямля», ul. Św. Rocha 5 lok. 32
Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.