Мінскі школьнік спалохаўся, што ў Беларусь прыляцяць дроны, і аддаў кур'еру $30 000
9- 18.02.2026, 11:23
- 4,390
Наяўныя грошы кур'ер схаваў у падштаніках.
У Мінску школьнік аддаў кур'еру 30 000 долараў пасля пагроз «вайсковых дронаў і турмы для мамы». Кур'ерам аказаўся 18-гадовы замежнік, які забраў грошы па заданні махляроў і схаваў іх у падштаніках, паведамілі ў міліцыі, піша «Зеркало».
У міліцыю звярнулася сям'я 12-гадовага школьніка. Дзіцяці ў месэнджары напісаў незнаёмы і прапанаваў пасябраваць, а для сустрэчы папрасіў прыслаць геалакацыю. Пасля гэтага на сувязь выйшаў псеўдаміліцыянт, які напалохаў дзіця, што па яго каардынатах прыляцяць вайсковыя дроны, а маму пасадзяць у турму.
Каб выратаваць сябе і сям'ю, у дзіцяці запатрабавалі ўзяць усе грошы з ягонай капілкі і знайсці бацькоўскія зберажэнні. Скласці іх у сумку і пакінуць пад мостам на Нямізе. А акрамя таго, здымаць усе дзеянні на відэа.
Высветлілася, што грошы агульнай сумай каля 30 тысяч долараў забраў 18-гадовы замежнік, які прыляцеў у Беларусь спецыяльна па заданні махляроў. Малады чалавек растлумачыў, што знайшоў такую падпрацоўку ў інтэрнэце — яму абяцалі 2% атрыманай сумы.
Кур'ер таксама на камеру пералічыў грошы і схаваў іх у споднюю бялізну, пасля чаго цягніком накіраваўся ў суседнюю краіну, але быў затрыманы.
Усю суму забралі і вернуць сям'і падманутага дзіцяці. Узбудзілі крымінальную справу.